Мы — беларусы, якія воляй лёсу апынуліся ў Маскве і, на жаль, фізычна ня маем магчымасьці быць разам з землякамі на Плошчы, — таксама зьбярэмся сёньня каля беларускай амбасады, каб праводзіць у апошні шлях мужную і прыгожую беларускую жанчыну Ірыну Казуліну; каб падтрымаць гаротную і адначасова непахісную сям’ю Казуліных; каб дадаць свой голас да тысяч тых, хто патрабуе вызваленьня незаконна асуджанага Аляксандра Казуліна.

Мы заклікаем прыйсьці беларусаў а 20 гадзіне (па маскоўскім часе) да будынку амбасады Рэспублікі Беларусь у Маскве (мэтро «Китай‑город» Адрас: вул.Марасейка, д.17/6), каб ускласьці кветкі на нашай, беларускай, зямлі ў Маскве; запаліць сьвечкі памяці; зьвярнуцца да Бога, каб быў міласэрным да спадарыні Ірыны; памаліцца разам пра лёс нашае Бацькаўшчыны…

«Людзі Беларусі! Мы звяртаемся да вас у вельмі цяжкую хвіліну для нашай сям’і — мы страцілі нашу любімую маці. Сёння да нас прыходзяць, тэлефануюць і пішуць мноства людзей з выказваннем спачування ў нашым горы. Нашы сэрцы рвуцца на часткі. Мы не можам пахаваць маці без нашага бацькі. Мы ўдзячныя вам за вашу падтрымку і ўдзел. Будзем разам у гэты цяжкі час!» — гэта словы са зварота дочак палітвязьня Аляксандра Казуліна, Вольгі і Юліі.

Ведаем, што беларусы праглядаюць ленты навінаў беларускіх незалежных крыніцаў (тым больш сёньня ў Расеі выходны дзень). Спадзяемся, што і гэтае паведамленьне будзе заўважана беларусамі Масквы і яны не застануцца абыякавымі, прыйдуць а 20 гадзіне да амбасады, каб адначасова з землякамі, якія зьбяруцца разам у Менску, ушанаваць памяць Ірыны Казулінай.

Кветкі, вянкі, сьвечкі, партрэты І.Казулінай будуць дарэчы. Просьба, ня трэба ніякіх плякатаў, сцьягоў ды гучных лёзунгаў: гэта не палітычная акцыя. Гэта жалоба…

Дзякуй усім тым, хто будзе там разам з намі.

Жыве Беларусь!

Прадстаўнікі беларускае дыяспары Масквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0