Франак Вячорка, які адлічаны з 3‑га курса факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, просіць міністра адукацыі Аляксандра Радзькова аднавіць яго ў ВНУ. Адпаведную заяву ён накіраваў міністру адукацыі 25 лютага, паведаміў Ф.Вячорка БелаПАН.

У заяве Ф.Вячорка зазначае, што ў час здачы экзаменаў экзаменацыйным камісіям, як ён лічыць, быў сур\’ёзна парушаны пункт 1.1 Палажэння аб курсавых экзаменах і заліках у вышэйшых навучальных установах. У прыватнасці, гэта выразілася ў тым, што пытанні экзаменацыйнай камісіі па стылістыцы выходзілі далёка за межы праграмы курса «Стылістыка беларускай мовы» Міхаіла Цікоцага, які вывучаюць студэнты факультэта журналістыкі БДУ. Як зазначае Ф.Вячорка, прадастаўлены старшынёй камісіі тэст, паводле прызнання самога старшыні камісіі Віктара Іўчанкава, быў складзены па работах мовазнаўцаў Салганіка і Супруна, што не ўключаны ў курс «Стылістыка беларускай мовы».

«Па рускай літаратуры мне былі зададзены пытанні аб тэарэтыках італьянскага футурызму, аб філасофскіх работах Шапенгаўэра, аб аб\’яднанні футурыстаў і іншыя, што выходзяць за межы праграмы курса «Руская літаратура сярэбранага стагоддзя», распрацаванага дацэнтам Гражынай Паўлоўскай. На асноўныя пытанні білета я даў разгорнутыя адказы», — гаворыцца ў звароце Ф.Вячоркі да міністра .

«На падставе вышэйзгаданага я заяўляю, што адзнакі, выстаўленыя ад імя камісій, былі загадзя неаб\’ектыўныя», — лічыць Ф.Вячорка.

Як паведаміў БелаПАН Ф.Вячорка, гэта заява на імя міністра адукацыі А.Радзькова была напісана пасля кансультацыі з адвакатам. Раней Ф.Вячорка меў намер падаць іск у суд з патрабаваннем аднавіць яго на факультэце журналістыкі. «Аднак пасля парады адваката я вырашыў прайсці ўсе магчымыя інстанцыі для свайго дасудовага аднаўлення. Інакш, як мне сказалі, мой іск проста не прымуць», — патлумачыў факт падачы заявы Ф.Вячорка.

Нагадаем, Ф.Вячорка быў азнаёмлены з загадам рэктара аб адлічэнні «за акадэмічную непаспяховасць» 15 лютага. Ён назваў сваё адлічэнне палітычна матываваным і звязвае яго з наведваннем 12 лютага факультэта журналістыкі прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. «У час сваёй прамовы А.Лукашэнка заявіў, што СМІ павінны быць падкантрольныя дзяржаве, і, відаць, я не ўпісаўся ў новую канцэпцыю выкладання на факультэце», — сказаў Ф.Вячорка.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0