38-гадовы магілёвец забіў 41-гадовую жонку і яе 39-гадовага палюбоўніка, якіх заспеў падчас спаткання.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, злачынства адбылося 17 ліпеня каля 22.00 у адной з вёсак Магілёўскага раёна.
«Як пасля распавёў падазраваны ў забойстве, яму патэлефанаваў знаёмы і паведаміў пра здраду жонкі, удакладніўшы, што тая з палюбоўнікам знаходзіцца ў доме сваёй маці. Мужчына адправіўся ў вёску да цешчы. Праз акно ён заўважыў жонку ў абдымках мужчыны. Адчыніў раму, залез у пакой і стаў збіваць суперніка», — распавяла Салянюк.
Мужчына, паводле яго слоў, дрэнна памятае дэталі таго, што адбылося. Медыкаў і міліцыю выклікаў сам. Мужчына затрыманы, у дачыненні да яго заведзеная крымінальная справа.