Юрый Мільнер. Фота: rusrep.ru

Юрый Мільнер. Фота: rusrep.ru

Расійскі мільярдэр Юрый Мільнер, суузаснавальнік і саўладальнік Mail.Ru Group і фонду DST Global, выдаткаваў 100 млн даляраў з асабістых сродкаў уласнага дабрачыннага фонду на пошук незямных цывілізацый, распавёў ён газеце «Ведамасці».

Ідэолагам праекта Мільнер называе славутага фізіка Стывена Хокінга, а навуковымі лідарамі і каардынатарамі — Фрэнка Дрэйка і Джэфа Марсі. У межах праекту навукоўцы арганізуюць збор, апрацоўку і вольны доступ да інфармацыі пра магчымыя сігналы, што паступаюць на Зямлю з космасу.

Ужо заключаныя пагадненні на пяць год з аператарамі найбуйнейшых у свеце радыётэлескопаў Green Bank Telescope і Parkes Telescope ды аптычнага тэлескопа Lick Observatory. Тэлескопы будуць разглядаць мільён бліжэйшых да нас зорак у цэнтральнай частцы Млечнага Шляху і сотню бліжэйшых да нас галактык. На наступным этапе петабайты інфармацыі будуць размешчаныя ў вольным доступе ў інтэрнэце, іх будзе апрацоўваць сетка з 9 млн камп’ютараў (меркавана, у даследчым цэнтры Берклі).

У межах праекту будуць шукаць сігналы ў форме радыёхваляў (500 МГц – 15 Гц) і лазернае выпраменьванне. Выявіць іншыя сігналы, праз якія з намі могуць звязвацца незямныя цывілізацыі, сучасная тэхніка не дазваляе. Мільярдэр таксама абяцае выдаткаваць гранты навукоўцам з блізкімі цэлямі.

Сам Мільнер ацэньвае шанцы атрымаць у бліжэйшай будучыні нейкія вынікі як невысокія. Але адзначае, што ў нашай галактыцы ёсць некалькі мільярдаў планет, блізкіх па памеры да Зямлі, на іх паверхні можа быць вада ў вадкай форме — а значыць і арганічнае жыццё.

***

Юрый Мільнер — расійскі бізнесмен, па ацэнках Forbes мае ў кішэні 3,4 млрд даляраў. У 2000 годзе заснаваў Mail.ru разам з двума іншымі бізнесоўцамі. На сёння Mail.ru Group належаць уласна Mail.ru, «УКантакце», «Аднакласнікі», «Мой свет», ICQ, 70% польскай сацсеткі «Nasza Klasa» і іншыя актывы. Пазней стварыў міжнародную кампанію DST Global, што ў 2009 годзе набыла 10% акцый сацсеткі Facebook, затым інвеставала ў Twitter, AirBNB, Snapchat, Alibaba, Xiaomi і іншыя ІТ-кампаніі. У 2012-2013 гг браў удзел у стварэнні прэмій па фундаментальнай фізіцы, медыцыне і матэматыцы з прызамі па 3 млн даляраў у кожнай.

З 1959 года па ўсім свеце дзейнічае праект SETI, накіраваны на пошук сігналаў ад незямных цывілізацый і выхад на сувязь з імі. За больш чым паўстагоддзя адназначных вынікаў атрымана не было, хаця навукоўцы не раз «лавілі» сігналы, што пры жаданні можна было інтэрпрэтаваць як пасланні іншых цывілізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?