Акінуўшы вокам сённяшняе становішча беларускай мовы, задумваюся, а якую ж мову мы атрымаем, калі ўрэшце адваюем яе. Не скажу, што я сам мастак слова. Ёсць чаму павучыцца. Гамонка пра агульныя тэндэнцыі. Каб не сталася так, што тое, што мы займеем, будзе зусім далёкае ад натуральнай беларускай мовы. Адпаведна, каштоўнасць каторай будзе ніякай.

1. Фанетыка.

Адметнасць у гэтай сферы тая, што за МКАДам можна, а нат і ў Менску, пачуць чысцюткую беларускую гаворку. Але нюанс такі, што зазвычай гэткія людзі не лічаць сябе носьбітамі беларускай мовы. Здараецца яшчэ, што яны балансуюць на мяжы з трасянкай або ёй карыстаюцца (але сама фанетыка ў іх беларуская).

І наадварот сярод беларускамоўных почасту чуваць расейскае вымаўленне. І гэта не дыялектныя асаблівасці (бо тое ж мяккае «Р», напрыклад, пануе на паўночным ўсходзе Беларусі), а прыпадабненне да расейшчыны, як вынік комплексу непаўнавартасці. А ў тым ліку і проста няведанне, узрослых на расейшчыне, узорнага вымаўлення сапраўдных беларускіх гукаў.

Так, можна пачуць: снег замест сьнег, вакзал замест вагзал, гарадскі замест гарадзкі, на рэчкі/рэчцы замест на рэццы і г.д.

Сучасныя дзеці ж наогул не здольны належным чынам вымавіць беларускія гукі.

2. Лексіка.

Сітуацыя з лексікай, падаецца, бадай самая станоўчай. Яна хаця б фіксуецца ў слоўніках зрэдчас. Але тут пра іншыя падводныя камяні. І слоўнікаў нібы хапае, а як прыгледзішся, то ўсё дагары нагамі.

Існуе (існавала за часы БССР) акадэмічная плынь, якая лёгка не заўважае наватворы і ігнаруе лексіку, па іх вызначэнні, састарэлую, дыялектную ці размоўную (куды ўпісваю часта непажаданыя лексічныя элементы па нейкіх палітычных матывах).

А слоўнікі не пад грыфам акадэміі грашаць у сваю чаргу ўпіхваннем і жука і жабы. Акром не пажаданыя для ўжытку ў афіцыёзе.

Для прыкладу, узяць «асадку». Слова ў беларускамоўным асяроддзі ўсім вядомае, але ў афіцыйных слоўніках не адлюстраванае. І такіх словаў сотні.

Сюды ж і цуранне беларускіх словаў падобных вонкава на расейскія, імкненне іх замяніць на як мага адрозны. Празмернае ўжыванне запазычанняў як з расейскай, так і з іншых моваў. Але нават наяўнасць процьмы слоўнікаў не ратуе носьбітаў ад памылковага маўлення. Блытаюцца ў словах тоўсты і тлусты, масла і алей, абагульніць і абагуліць, выхад і выйсце, высновы і вынікі, сабе і сябе, для і дзеля і г.д. Прычына простая: у слоўнікі ніхто не зазірае.

А ўжо калькаванне — гэта сапраўдны біч мовы. Не маючы адпаведнікаў у беларускай і жадаючы перакладаць слова ў слова з’яўляюцца такія пачвары як: прышпільныприкольный»), стромкі (слэнг «крутой») і процьма іншых.

3. Устойлівыя выслоўі.

Сюды можна аднесці фразеалогію, прыказкі, прымаўкі, ідыёмы, тосты і інш. Гэта ўвогуле набалелая тэма.

Вера ў блізкасць беларускай і расейскай моваў вядзе да таго, што нібы толькі памяняць словы і на выхадзе атрымаем беларушчыну. Такая вось атрымоўваецца беларуская мова, часта нічога з ёй супольнага не маючая. Акрамя таго, знаходзячыся ў расейскім інфармацыйным асяроддзі, мы змушаны спажываць і расейскую фразеалогію, якая часта ўройваецца ў мазгі несвядома. Свая ж на жаль не вядомая. А гэта ж самы цымус мовы! Трапнае выслоўе ці прыказка аздабляе мову як ні што іншае. Часта беларускамоўныя грэбуюць гэтым багаццем, думаюць, што адно замяніўшы расейскія словы на беларускія можна паставіць усе кропкі над і. А тым самым збядняюць сваю мову і маюць з таго цяжкасці ў стасунках, у выразе ўласных думак.

Праўда, у народзе гуляе свая фразеалогія, прыказкі, ідыёмы. Часта цалкам і беларускія ў вуснах расейскамоўных. Але ж каму вядома, без авалодання спецыялізаванай літаратуры, што сапраўднае беларускае, а што чужое. Усё змяшалася да кучы. Зрэшты, таму спрыяла і праца расейскіх навукоўцаў ХІХ стагоддзя, якія ўважалі беларускую мову за дыялект велікарускай. Таму нашу лексіку і выслоўі (як, зрэшты і ўкраінскія) дапасоўвалі да сваёй, абагачалі яе. І беларусам потым жа закідалі, што нічога ў вас нямашкі! Дарэчы, не адной мовай гэта абмежавалася.

4. Правапіс.

Тут як выкруціць. З аднаго боку, шматварыянтнасць можна падаваць як жыццяздольную і карысную рысу. А з іншага, у сітуацыі занядбання разналадзіца вядзе да далейшай страты мовы. Няма нормы, няма стандарту, няма ідэалу. Ці можна ў такім разе паразумецца? Як хачу, так і пішу/гавару. Нормы, пэўныя межы, класіфікацыя — гэта і ёсць праявы культуры. У прыватным маўленні, вядома, можна іх не трымацца і пачувацца больш вольным. Але ж у афіцыйных установах унармаванне — неабходны элемент. Як вынік разнастайнасці правапісаў: не веданне ніводнага з іх. Рыхтык як сёння з мовамі (абывацель трымаецца адной мовы). Нагрувашчванне моўных варыяцый вядзе, здаецца, толькі да адпрэчвання такіх моўных сродкаў.

5. Структура мовы.

Няведанне структуры мовы, яе будовы вядзе да разбурэння апошняй. Структура — гэта прынцыпы пабудовы слова, сказу. Але сёння спрадвечна беларускі прынцып саступае замежным канструкцыям. Да прыкладу, аддзеяслоўныя назоўнікі. У расейскай яны ўтвараюцца з канчаткам -ка, у беларускай жа выкарыстоўваецца канчатак -анне, -энне або скарочанае слова.

Течь — утечка, снимать — съемка, прививать — прививка. Гэна цягнуць і ў беларускую: уцечка, здымка, прышчэпка. Хаця на іх месцы павінны быць: выцек, здыманне, прышчэп. Яшчэ адной з'явай, не ўласцівай беларускай мове, можна назваць ужыванне складаных словаў (што характэрна для царкоўнаславяскай і пабудаванай на ейным грунце расейскай).

Добразычлівы, добрасумленны, лесанасаджэнне — такія вось наватворы неўпрыкмет руйнуюць мову знутры. Што не дарабіў расейскі штых і школа, даробяць самі носьбіты мовы.

Сюды ж можна дадаць і ўжыванне неўласцівых беларускай мове суфіксаў, пазычаных з расейскай: -ір,-ома,-ема,-цель,-уч,-юч і інш.

Памылковае выкарыстанне прыназоўнікаў: пайсці за хлебам замест пайсці па хлеб і г.д. Або блізкія да фразем памылкі: «ажаніцца на» замест «ажаніцца з».

Спіс можна доўжыць, але ж тут няма задачы праводзіць лекцыю па беларускай мове. Дзеля гэтага ёсць адпаведныя падручнікі і кнігі, да якіх прапаную і звяртацца.

Высновы хутчэй сумныя. Мова ў вуснах і пісьме носьбітаў дэфармуецца і гібее. Паленцаў у агонь падкідае і ўнармаванне неўласцівых беларускай мове рысаў. У сукупнасці з тым, што яна знаходзіцца на перыферыі дзяржаўных інтарэсаў, то калі беларускамоўныя самі не будуць прыкладаць хоць якіх намаганняў да ўдасканалення сваіх ведаў, то ад беларускай мовы застанецца толькі пудзіла, якое застанецца што выкінуць на сметнік. Усе ж мы хочам мець аўтэнтычныя замкі, а не з гіпсакардону ды шклопакетаў. То чаму гэта не датычыць мовы? Чаму яе можна ляпіць абы з рук? Ці зможа прывабіць каго гэткая падробка? А гэта ж кожнаму пад сілу. Таму заклікаю ўсіх паглыбляць свае веды ў мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?