Мінпрыроды вядзе перагаворы з польскімі кампаніямі аб пастаўках у Беларусь ветраўстановак, паведаміў сёння начальнік Спецінспекцыі дзяржкантролю за аховай атмасфернага паветра, азонавага слоя і клімату Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Сяргей Заўялаў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, польскія кампаніі гатовы пастаўляць у Беларусь ветраўстаноўкі. Цяпер бакі абмяркоўваюць колькасць і цану гэтых агрэгатаў. Узаемадзеянне дзвюх краін будзе ажыццяўляцца згодна з механізмамі Кіёцкага пратакола. У прыватнасці, польскія кампаніі зацікаўлены ў куплі ў Беларусі квот на выкіды парніковых газаў.
Сяргей Заўялаў таксама адзначыў, што Мінпрыроды Беларусі прыняло ўдзел у распрацоўцы праекта канцэпцыі развіцця ветраэнергетычнай галіны ў Беларусі.
«Дакумент прадугледжвае выкарыстанне да 2020 года ветраэнергіі ў агульным аб’ёме 1,5 тыс. МВт, — сказаў ён. — У нас ёсць магчымасці для прымянення гэтага патэнцыялу».
Ужо вядуцца падрыхтоўчыя работы да размяшчэння ветраўстановак. У бліжэйшым будучым 11 такіх канструкцый магутнасцю 850 МВт кожная з’явяцца ў Гродзенскай вобласці.
Начальнік Спецінспекцыі дзяржкантролю за аховай атмасфернага паветра, азонавага слоя і клімату Мінпрыроды расказаў, што кошт аднаго ветраагрэгата магутнасцю 1,5 МВт ацэньваецца ў сярэднім у 1,2‑1,5 млн. еўра.
«Мы можам прыцягнуць сродкі для куплі ветраўстановак, выгадна выкарыстоўваючы механізмы Кіёцкага пратакола, — адзначыў ён. — Аднак прымяніць гэтыя механізмы мы зможам толькі пасля ратыфікацыі папраўкі ў дадатку В Кіёцкага пратакола».
Паводле слоў Сяргея Заўялава, у Беларусі трэба падрыхтаваць неабходную нарматыўна‑прававую базу, якая будзе рэгуляваць працэсы ўстаноўкі, падключэння, выкарыстання і абслугоўвання ветраўстановак у Беларусі. Плануецца, што да 2010 года такая база будзе сфарміравана.