Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да выкладчыка Буда-Кашалёўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, які абвінавачваецца ў атрыманні хабару, паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі.

Следствам устаноўлена, што выкладчык дысцыпліны «Тэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі» ў перыяд з кастрычніка 2012 года па сакавік 2015 за пэўную плату падрыхтоўваў ад імя навучэнцаў курсавыя праекты па сваім прадмеце і выстаўляў за іх станоўчыя адзнакі ў адпаведную ведамасць, журнал навучальных заняткаў і кніжку паспяховасці. Узнагароджанне абвінавачваны атрымліваў у замежнай валюце і беларускіх рублях, а таксама прымаў таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Памер хабару складаў, як правіла, $50. Акрамя таго, мелі месца факты перадачы выкладчыку каністраў з бензінам і дызельным палівам.

Супрацьпраўныя дзеянні фігуранта насілі сістэмны характар. Практычна усе дапытаныя па крымінальнай справе навучэнцы паказалі, што ведалі пра магчымасць замовы курсавой працы ў педагога. Праваахоўнікі сабралі доказы па 21 эпізодзе нелегальнай дзейнасці абвінавачанага. На яго маёмасць, якая ацэньваецца ў Br300 млн, накладзены арышт. Дзеянні выкладчыка кваліфікаваныя па ч.2 арт.430 (атрыманне хабару) КК Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?