Сёлета ў Беларусі пачнецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта дынамічнага ўзважвання транспартных сродкаў на асобных аўтатрасах. Пра гэта 21 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў начальнік транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Леанід Лемеш.

Паводле яго слоў, рэалізацыяй праекта будзе займацца прадпрыемства «Мінскаўтадар — Цэнтр», якое абслугоўвае дарогі Мінскай вобласці. Транспартная інспекцыя Мінтранса будзе выконваць у праекце функцыі кантролю.

«Вага транспарту будзе фіксавацца ў дынамічным рэжыме, атрыманая ж інфармацыя будзе паступаць па спецыяльных каналах сувязі ў транспартную інспекцыю. У выніку мы зможам ажыццяўляць не суцэльны, а выбарачны кантроль транспартных сродкаў, па якіх назіраецца перавышэнне габарытаў», — адзначыў Лемеш.

Вагагабарытны кантроль за праездам цяжкаважкіх і буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання транспартная інспекцыя выконвае на стацыянарных і перасоўных пастах. У студзені—чэрвені 2015 года спецыялісты праводзілі вымярэнні на 194 абсталяваных пляцоўках, размешчаных у паласе адводу аўтамабільных дарог. За першае паўгоддзе на пастах вагагабарытнага кантролю ўзважана амаль 32 тыс. транспартных сродкаў і выяўлена пры гэтым больш за 2,8 тыс. адзінак транспарту (8,9%), з перавышэннем дапушчальных вагагабарытных параметраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?