Жанр: фантастыка, баявік, камедыя
Рэжысёр: Пейтан Рыд
У ролях: Пол Рад, Майкл Дуглас, Эванжалін Лілі, Коры Стол, Боббі Канавале, Джудзі Грыг, Эбі Райдар Фортсан, Майкл Пенья
ЗША, 117 хв.
Адзнака: 8

Скот Лэнг — чалавек, які трапіў у турму пасля дзёрзкага крадзяжу. Высвятляецца, што апошнім часам за ім сачыў былы супергерой Хэнк Пім (ён жа Чалавек-мурашка). Выйшаўшы з турмы, Скот сустракае Хэнка, які хоча зрабіць з яго новага Чалавека-мурашку і прадухіліць небяспеку ў асобе мільянера Дарэна Кроса (Жоўты Шэршань), які захапіў кампанію, заснаваную Пімам.

PYM Tech пад кіраўніцтвам Кроса спецыялізуецца на стварэнні салдатаў памерам з казюрку, і навуковец ужо блізкі да поспеху і гатовы прадаць сваё вынаходніцтва.

Скот вырашае стаць новым супергероем, здольным памяншацца ў памерах, і здзейсніць крадзеж тэхналогіі, які выратуе ўвесь свет.

Рэжысёрам новай стужкі пасусвеце Marvel павінен быў стаць Эдгар Райт («Зомбі з імём Шон» (2004)), які з’яўляецца вялікім фанатам Чалавека-мурашкі і ў 2003-м прапанаваў Marvel зняць пра яго фільм. Ён быў блізкі да таго, каб прыступіць да здымак, аднак у 2014-м пакінуў праект праз творчыя непаразуменні паміж ім і студыяй Marvel. Рэжысёрскае крэсла дасталося Пейтану Рыду («Заўжды кажы «так» (2008)).

Здымкі фільма праходзілі ў Сан-Францыска, і многія вулічныя сцэны знятыя ў гэтым горадзе. Пасля здымачная група перамясцілася ў комплекс «Пайнвуд Студыёс» ў Атланце, штат Джорджыя.

Дэкарацыі дома доктара Хэнка Піма сталі першымі дэкарацыямі, якія сканструявалі ў гукавым павільёне. Міні-прадметы, размешчаныя па ўсім доме, распавядаюць пра прыгоды доктара Піма ў тыя часы, калі ён сам быў Чалавекам-мурашкай, і падказваюць, колькі эксперыментаў папамяншэнні прадметаў Хэнк Пім ажыццявіў перад тым, як узяцца за жывыя арганізмы.

Сцэны з паступовым памяншэннем Чалавека-мурашкі створаныя з дапамогай камбініравання кадра макраздымкі (знятага звышбуйным планам) і захопу руху акцёраў і каскадзёраў. Для кожнага кадра стваралася міні-дэкарацыя.

Дызайнеры стварылі для супергероя 13 касцюмаў, 17 шлемаў, 17 паясоў, 8 пар пальчатак, 6 пар абутку, 15 заплечнікаў, 15 падшлемнікаў і 14 каўняроў. Кожны шлем складаецца з 54 дэталяў і 10 святлодыёдных індыкатараў. Калі дадаць яшчэ дэталі падшлемніка, то атрымаецца, што кожны шлем зроблены з больш чым 60 асобных частак.

Стужка атрымалася дынамічнай і прадуманай да дробязяў, якімі ніколі не грэбуе Marvel.

У ёй хапае добрага гумару, ёсць і драматычныя, глубокія моманты, якія раскрываюць герояў. Рэкамендуецца ўсім аматарам прыгодаў і супергеройскай фантастыкі.

«Сепаратысты захапілі пад Курскам шахту з балітычнай ракетай і накіравалі яе на Амерыку» — адна з ключавых фразаў, што гучыць у фільме з вуснаў героя Майкла Дугласа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?