фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Гарадская вуліца забудаваная аднапавярховымі прыватнымі дамамі. У кустах, узбоч дарогі, ляжыць Рыжы. Наводдаль, каля плоту, кешкаюцца куры. Падбягае Муха.

Муха: Рыжы, здароў!

Рыжы: Прывітанне!

Муха: Ты што тут, на курэй палюеш?

Рыжы: Не, якое там паляванне, на заданні я.

Муха: На якім заданні?

Рыжы: Гаспадар даў: аббрахаць тут трэба адных.

Муха: Навошта?

Рыжы: Дзеля маральнага задавальнення.

Муха: Гэта як катоў?

Рыжы: Нешта накшталт таго.

Муха: А можа, я з табой паляжу?

Рыжы: Давай.

Муха (лягае і куснуўшы сябе за плячо): Скочкі, халера, замучылі.

Рыжы: Ад скочак падла дапамагае, толькі трэба добра выкачацца.

Муха: Ведаю, але дзе ты яе знойдзеш? Бывала, прачнешся на золку, падбяжыш на кірмаш, а там у яме за агароджай чаго толькі не было — цяляты ляжалі, дык гэтак выкачаешся, не тое што скочкі падушацца, сам ад смуроду ледзь жывы ходзіш, а цяпер труса няшчаснага няма (хапае сябе за бок).

Рыжы: А на мясакамбінаце не быў?

Муха: Быў.

Рыжы: І што?

Муха: Нічога.

Рыжы: Тады дустам трэба паспрабаваць труціць.

Муха: Дустам? Зноў жа, дзе яго ўзяць? З балончыка гаспадар папырскае, а карысці нуль. Але што ты хочаш — Н2СО4!

Рыжы: Што?

Муха: А чорт яго ведае што — хімія нейкая. У нас малодшы сын гаспадара хімік. Якіясь спайсы вырабляе, дык як накурыцца — паратунку няма, хоць на ланцуг садзі. Барусю за вуха ўкусіў.

Рыжы: Якога Барусю?

Муха: Нашага парсючка. Гаспадыня яму вячэру ў вядры прынесла, выліла ў карыта і пайшла, а сынок, якраз абкураны быў, залез і цап таго за вуха.

Рыжы: Авой, жарсці якія!

Муха: І не кажы.

Рыжы: І што?

Муха: Што-што — Баруся з пераляку праз загарадку як сігане! Добра, што весніцы на вуліцу былі прычыненыя, а то прыйшлося б потым па ўсім наваколлі шукаць. Бо шкода: ладны ўжо парсючок — уга колькі костак будзе.

Рыжы: Ага, парсючок тым лепшы, чым костак больш.

Муха: Гэта вядома. Мне ўчора такая костка перапала (прыплюшчвае вочы)… перадаць табе не магу, яшчэ ў роце смачна. У краме гаспадыня набыла, прынесла, панюхала, потым кажа: «Не, не магу, смярдзіць нечым — і ўсё». А мне гэткі водар! Сяджу і слінкі глытаю. А яна падумала-падумала і да мяне: «Муха, на, лапай».

Рыжы: Пашанцавала табе.

Муха: Як ніколі. Эх, каб яна сёння зноў у краму пайшла… Дык каго ты тут урэшце пільнуеш?

Рыжы: Як табе растлумачыць, такія, ведаеш, заўсёды па двое ходзяць, з палкамі.

Муха: Ого, з палкамі!

Рыжы: З палкамі і ў такіх ботах, што трымайся падалей.

Муха: А, ведаю, пра каго ты. З гэтымі лепей не звязвацца, а як убачыш — абмінаць за дзесяць крокаў.

Рыжы: Я і не збіраюся з імі цалавацца, гаўкну колькі разоў і ва ўсе лапаткі дамоў.

Муха: Але навошта?

Рыжы: Дык я ж табе казаў: гаспадар паслаў, яны яму папярок горла сталі.

Муха: Вось што (чухае сябе лапай за вухам).

Рыжы: Забралі яго тут надысь, на машыне прыехалі, я за прыбіральняй хаваўся.

Муха: І што?

Рыжы: Нічога: гаспадара з тыдзень не было, потым з’явіўся — брудны, шчаціннем зарослы, злосны. «Я, кажа, гэтага ім не дарую, я ім пакажу па чым фунт ліха, яны яшчэ ў мяне паскачуць». А гаспадыня яму: «Аксціся, дзякуй скажы, што жывы выйшаў». А ён: «Хай лепш забілі б!»

Муха: А чаго яны да яго прычапіліся?

Рыжы: Я толкам не ведаю, але быццам за тое, што па вуліцы хадзіў.

Муха: Ідзі ты!

Рыжы: Ага, толькі не проста так хадзіў, а пры гэтым махаў рукамі і лаяўся матам

Муха: Якім такім матам?

Рыжы: Ну, «курва» там казаў, «бляха», «сука».

Муха: Сука? (Круціць галавой.) Дзе сука?

Рыжы: Нідзе, гэта мянушка такая.

Муха: Эх, гэтых людзей не разбярэш. Вось сам памяркуй: такога, каб мой гаспадар не махаў рукамі і не лаяўся матам, амаль не бывае, але ж яго чамусьці не забіраюць, хаця гаспадыня кажа, што даўно пара, і я з ёй згодны. І наадварот: калі аднойчы ляжаў сабе, як ні ў чым не было, у крапіве каля плоту, з’явіліся як міленькія. Дык гаспадыня на ўсю вуліцу вэрхалу нарабіла, каб не забіралі, а гаспадару хоць бы хны — ляжыць рукі склаўшы і ні гу-гу. І што ты на гэта скажаш?

Рыжы: Нічога не скажу, бо тое самае і мой: памыўся, пагаліўся, добра паеў, паспаў; здаецца, чаго табе яшчэ? А не — як быў злосным, так злосным і застаўся. Дзень злосны ходзіць, другі. Я ўжо баюся на вочы паказвацца, каб не трапіць пад гарачую руку, нават падумваў сысці куды на час, перасядзець дзе. А сёння падзывае сам. Падыхожу: «Што такое?» Ён: «Справа ёсць». Я: «Што за справа?» А сам думаю, няўжо на паляванне пойдзем? Хвост як прапелер ад радасці закруціўся. Але, аказалася, не пра паляванне ішло. Прысеў ён на ганку на прыступку, папяроскай задыміў і кажа: «Слухай, Рыжы, зрабі ласку, аббрашы гэтых, што па двое ходзяць, з палкамі і ў ботах, калі на нашай вуліцы з’явяцца. Я б і сам, але нельга мне, зноў прыедуць на машыне, забяруць. Не па службе, Рыжы, а па дружбе, га?» Вось так я і тут.

Муха: Ну, то мусіць ужо аддзячыць як мае быць

Рыжы: Ды я, Муха, не за падзяку. Шкода мне яго, небараку, баюся, каб не выкінуў якую штуку.

Муха: Што ёсць, тое ёсць — да штук яны здатныя.

З-за рога дома выходзяць дваіх, з палкамі, прычэпленымі да пояса, у чорных вялізных ботах.

Муха: Яны?

Рыжы: Яны.

Муха: Давай, пачынай, я цябе падтрымаю.

Рыжы (ускочыўшы на ногі): Гаў! Гаў! Гаў!…

Муха: Гаў! Гаў! Гаў…

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0