БелТА
Вядомаму французскаму акцёру Жэрару Дэпард'ё Беларусь нагадала маленькую Швейцарыю. Пра гэта легенда кінематографа распавёў журналістам падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Азярыцкі-Агра».
Акцёр прыбыў у Беларусь з кароткім візітам, каб, па яго словах, асабіста пазнаёміцца з краінай. «Ёсць нейкія людзі ў свеце, якія стварылі негатыўнае клішэ пра Беларусь. Вядома, у кожнай краіне ёсць свае праблемы. Але я бачу тут фермы, засеяныя палі, паплавы, лясы. Усё гэта мне нагадвае маленькую Швейцарыю. І гэта вельмі прыемна», — сказаў ён.
На думку французскага госця, усё гэта сведчыць аб тым, што ў дзяржаве надаецца вялікая ўвага сельскай гаспадарцы. Наведаўшы сельскагаспадарчае прадпрыемства «Азярыцкі-Агра», Жэрар Дэпард'ё быў уражаны, наколькі арганізаваная вытворчасць тэхналагічна. Паводле яго слоў, такое ён бачыў у нешматлікіх краінах.
Жэрар Дэпард'ё асабліва падкрэсліў, што паспеў адзначыць дагледжанасць, чысціню і камфорт
«Я бачу, што людзі тут шчаслівыя, спакойныя, і што краіна павінна быць прыемная для жыцця», - сказаў ён.
Не пакінулі абыякавым легендарнага акцёра беларуская прырода і жанчыны: «Сёння я тут і шчаслівы, люблю беларускую прыроду, прыгожыя пейзажы і жанчын». Развітваючыся, госць паабяцаў зноў вярнуцца ў Беларусь.