Камп’ютарнае мадэляванне паверхні Венеры. Выява: JPL Multimission Image Processing Laboratory

Камп’ютарнае мадэляванне паверхні Венеры. Выява: JPL Multimission Image Processing Laboratory

Умовы фармавання Зямлі і яе суседкі Венеры былі даволі падобныя, а адлегласць між імі не такая і вялікая. Планетолагі ў новым даследаванні, апублікаваным у часопісе Nature Geoscience, назвалі прычыну, праз якую адна з планет ператварылася ў сапраўднае пекла.

Атмасфера Венеры мае тэмпературу каля 462°C і складаецца збольшага з вуглякіслага газу, на паверхні амаль няма вады, затое ёсць безліч вулканаў. Навукоўцы кажуць, ёй проста не пашчасціла быць абстралянай астэроідамі ці сутыкнуцца са спадарожнікам.

Амерыкана-канадская група даследчыкаў прааналізавала ізатопны склад мантыі Зямлі і знайшла замала некаторых рэдказямельных металаў, уласцівых астэроідам-хандрытам, «будматэрыялам» планет. Частка колішняй матэрыі Зямлі, насычанай радыеактыўнымі элементамі, што далі б гэтыя ізатопы, некуды знікла.

Разлікі паказалі, што масіраваны абстрэл астэроідамі альбо сутыкненне з гіпатэтычнай планетай Тэя (гэта адна з тэорый аб паходжанні Месяца), што знеслі частку першаснай матэрыі Зямлі, далі цікавыя эфекты.

«Выбіванне» з Зямлі першаснай матэрыі ахаладзіла планету на пачатку яе існавання ды запусціла тэктанічныя працэсы. Тэктоніка ў сваю чаргу яшчэ больш ахаладзіла планету: лішняя энергія трацілася на рух пліт і выбівалася вонкі праз вывяржэнні вулканаў.

Венеры не «пашчасціла» быць пад такім абстрэлам: цеплыня ў ёй доўга назапашвалася, каб затым вырвацца маштабнымі вывяржэннямі вулканаў па ўсёй паверхні. Вулканы выкінулі ў атмасферу багата серы і вуглекіслаты, што стварыла значны парніковы эфект. Венера цяпер мае самую шчыльную атмасферу сярод вядомых чалавеку землепадобных планет, атмасферны ціск у ледзь не 100 раз вышэйшы за зямны.

Паводле ранейшых гіпотэз, на Венеры некалі магла нават быць вада (хоць цэлыя акіяны), але «разагрэтая» планета выпарыла яе ў атмасферу, а праз слабое магнітнае поле не ўтрымала — ваду знесла сонечным ветрам, атмасфера Венеры дагэтуль губляе вадарод і кісларод.

Так ці іначай, калі б не парніковы эфект, Венера мела б тэмпературу паверхні ўсяго каля 80°C — пры такой лёгка магло б узнікнуць арганічнае жыццё.

Дакладнае вызначэнне прычыны ўзнікнення такога эфекту дапаможа звузіць спіс кандыдатаў у прыдатныя для чалавека экзапланеты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?