У Мінску лідар каляфутбольнай групоўкі і шэраг яе ўдзельнікаў прыгавораныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі за хуліганства і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Як паведамляе МУС Беларусі, каля станцыі метро «Грушаўка» познім вечарам 22 жніўня мінулага года пяцёра невядомых збілі двух мінчан. Наўмысна, з хуліганскіх меркаванняў, маладыя людзі ва ўзросце 24—26 гадоў нанеслі ахвярам менш цяжкія і цяжкія цялесныя пашкоджанні з прымяненнем тэлескапічных дубінак.

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС устанавілі, што да ўчынення гэтага злачынства маюць дачыненне члены нефармальнага маладзёжнага каляфутбольнага руху «Нававілка». Гэтае аб'яднанне ўваходзіць у адну з фанацкіх плыняў футбольнага клуба «Дынама» (Мінск). 

У дачыненні да зламыснікаў была распачата справа па прыкметах складу злачынстваў па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства) і ч. 2 арт. 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў), абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. 

21 ліпеня паводле прыгавору суда Маскоўскага раёна Мінска лідару групоўкі прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 гадоў, тром актыўным удзельнікам па 9 гадоў і аднаму тры гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?