Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 20 ліпеня ў Вене на семінары па пытаннях выбараў, арганізаваным старшынствам АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), праінфармавала арганізацыю аб ходзе падрыхтоўкі да выбараў прэзідэнта Беларусі.

Як паведамляе сайт ЦВК, Ярмошына выступала з дакладам на сесіі «Міжнародныя абавязацельствы і стандарты дэмакратычных выбараў». Яна таксама расказала аб выкананні беларускім бокам рэкамендацый АБСЕ, накіраваных на паляпшэнне ўмоў правядзення выбараў, у тым ліку якія тычацца фарміравання выбарчых камісій, вылучэння кандыдатаў і ўмоў перадвыбарнай агітацыі, павышэння інфармаванасці выбаршчыкаў, уключаючы невідушчых і слабавідушчых грамадзян.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі заявіла, што інстытут міжнароднага назірання за выбарамі не павінен выкарыстоўвацца «як элемент палітычнага ціску і пакарання дзяржаў, якія праводзяць самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку». Ярмошына таксама адзначыла важнасць уліку нацыянальнага заканадаўства пры падрыхтоўцы заключэнняў па выніках назірання за выбарамі.

У межах семінара старшыня камісіі сустрэлася з дырэктарам БДІПЧ Міхаэлем Георгам Лінкам.

Беларусь на канферэнцыі таксама прадстаўлялі праваабаронцы. Як паведаміў раней БелаПАН удзельнік сустрэчы прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч, у сваім выступленні ён падкрэсліў, што пры адсутнасці палітычнага плюралізму ва ўмовах абмежавання волі асацыяцый і сходаў складана гаварыць аб дэмакратычных выбарах у любой краіне. «Рэкамендацыі АБСЕ — гэта добра, але на практыцы яны не працуюць. Напрыклад, норма аб прадстаўніцтве ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Апазіцыі ў іх як не было, так і няма, бо месцы займаюць праўрадавыя БРСМ, «Белая Русь» і іншыя», — сказаў Стэфановіч.

Паводле яго слоў, праваабаронцы чакаюць увасаблення ў жыццё рэкамендацый, якія дазваляюць зрабіць празрыстым падлік галасоў на выбарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?