Карэспандэнты «Нашай Нівы» сустрэліся з Аляксандрам Казуліным на ганку ягонага дому. Казулін значна схуднеў, але засталіся тыя ж манеры. «Немцы часта не разумеюць нашу рэчаіснасьць і нюансы. Я, як ніхто іншы, добра ведаю Лукашэнку. У гэтым уся і праблема», — кажа ён. З раніцы ён быў у маці Ірыны ў Койданаве. Пасьля быў у моргу, дзе нарэшце пабачыў Ірыну. Турма дадала толькі схільнасьці да філязафаваньня: «Аграмадная колькасьць людзей, якія нібыта на волі, насамрэч знаходзяцца ў турме сваіх жаданьняў і жарсьцяў».

«Знаеце, калі я ўбачыў цела жонкі, то яе твар падаўся нейкім незнаёмым. Пасьля пачаў размаўляць зь ёй, абдымаць яе. Здаецца, нават усьмешка зьявілася. Было дзіўнае адчуваньне, што я зь ёй размаўляю. Канечне, выбачаўся перад ёй, што ня змог выратаваць. Яна паказала, што такое сапраўднае дабро і сіла».

На гэты момант усё яшчэ невядома, дзе пройдзе пахаваньне Ірыны Казулінай.

«А 20-й у Чырвоным касьцёле пачнецца грамадзянская паніхіда, яна будзе працягвацца ўсю ноч. Пакуль пытаньне аб месцы пахаваньня застаецца адкрытым. Вы разумееце, што ў мяне ёсьць сябры на самым высокім узроўні, яны выйшлі яшчэ вышэй, каб Ірыну можна было пахаваць на Маскоўскіх могілках. Сёньня ж я буду падпісваць ліст з падобнай просьбай да мэра Менску Паўлава і Лукашэнку. Пад гэтым зваротам падпішацца і ўся кааліцыя дэмакратычных сіл. Ня трэба распальваць страх і ператвараць пахаваньне маёй жонкі ў палітычную акцыю. Калі ўлады хочуць, каб гэта была палітычная акцыя, то так і будзе. Але ня трэба гэтага рабіць».

Казулін кажа, што цяпер яму ня важна, ці выпусьцяць яго з турмы, ці не. У любым выпадку, ён адчувае сябе свабодным:

«Пасьля сьмерці жонкі мяне не хвалюе, ці буду я ў турме, ці буду я тут. Канечне, было б лепш, каб быў на свабодзе. Разам з тым, я быў і застаюся свабодным. Свабода — гэта паняцьце ўнутранае, а ня зьнешняе. Ня важна, дзе знаходзіцца чалавек. Аграмадная колькасьць людзей, якія на волі, насамрэч знаходзяцца ў турме сваіх жаданьняў і жарсьцяў. Яны рабы, нельга быць крышачку рабом, калі стаў хоць у нечым рабом, то гэта назаўсёды. Я ніколі ня быў рабом, ніколі не стану ні перад кім на калені. Пытаньне майго тэхналягічнага вызваленьня шырэйшае. Цяпер ідзе барацьба цывілізацыйных праблем. Так выйшла, што на мне засяродзіўся згустак гэтых праблем. І вырашаецца пытаньне, хто перамагае — дабро і сьвятло ці нянавісьць і ярасьць. З маёй жонкай і мной наша ўлада пераступіла праз самае сьвятое, яна растаптала сьвятыні, якія нельга таптаць. Трэба зразумець, што мы ўсе мусім адступіць ад глыбіняў мярзоцтва, подласьці і цемры. Мы павінны даць магчымасьць выйсьці на свабоду сьветламу пачатку ў кожным чалавеку, дабру. Да гэтага я і заклікаю Лукашэнку».

«Я гатовы без амбіцый і эмоцый абмяркоўваць праблему агульнага дабра нацыі. Мяне ніколі не хвалявалі мае асабістыя праблемы. Мяне хвалюе сытуацыя ў краіне, сытуацыя з народам, з таталітарным гвалтам, з масавым падаўленьнем асобы ў краіне, з парушэньнямі правоў чалавека. Калі мы думаем рухацца далей, то абсалютна відавочна наступіў новы этап эвалюцыйнага разьвіцьця краіны. Мудрасьць ранейшых пакаленьняў што гаварыла? Татальны гвалт вядзе да разбурэньня. Сябелюбства вядзе да духоўнага вынішчэньня. Гэта відавочныя рэчы да якіх мы ідзём», — кажа экс‑кандыдат у прэзыдэнты.

Расказаў Аляксандар Казулін і пра прапанову зьехаць разам з жонкай у Германію.

«Мне прапаноўвалі ад’езд у Нямеччыну, каб я не займаўся палітыкай. Мне хацелі прадставіць добрае жыцьцё за мяжой у абмен на тое, каб я зьехаў з краіны. Я сказаў, што праблемы ня толькі ў маёй сям’і, але ў кожнай беларускай сям’і. Я ішоў сьвядома ў турму, мяне папярэджвалі, каб я зьехаў і будзе ўсё ў парадку. Аднак, як я магу зьехаць з краіны? Не, ад мяне ўжо нікому нікуды ня дзецца. Была прапанова ў добрых умовах проста з калёніі адвезьлі да самалёту, і забясьпечылі выезд у Германію. Мяне пасадзілі незаконна і хацелі незаконна вывесьці з краіны. У Нямеччыне прапаноўвалася ўсё. Была ўмова, што да канца году я ня мушу вяртацца ў Беларусь», — кажа А.Казулін.

Ня стаў ён толькі расказваць, хто быў правадніком ідэі выезду ў Нямеччыну.

«Ня важна, хто быў правадніком ідэяў аб маім выезьдзе ў Германію. Я магу сказаць, што нямецкі пасол Вайс дзейнічаў сумленна. Ён шчыра хацеў нам дапамагчы. Тое, што было потым іншая гісторыя. Разумееце, немцы часта не разумеюць нашу рэчаіснасьць і нюансы, якія вельмі важныя. Я, як ніхто іншы, добра ведаю Лукашэнку. У гэтым уся і праблема».

Хоць Аляксандар Казулін на тры дні вызвалены з турмы, ахова ад яго не адыходзіць.

«Проста езьдзяць за мной. Бачыце, вунь стаіць машына. Я сёньня выйшаў у тры гадзіны ночы пагуляць па вуліцы. Каля гасьцініцы «Беларусь» стаіць машына. Толькі мы пачалі фатаграфаваць — адразу ад’ехала. За мной і маімі дзецьмі пастаянна сочаць».

Зьміцер Панкавец

Інтэрвію Аляксандра Казуліна - першая частка

Спампаваць файл відэа на кампутар можна тут: (3.6 MB, сярэдняя якасьць)

(8.5 MB, добрая якасьць)

(12 MB, найлепшая якасьць)

Інтэрвію Аляксандра Казуліна - другая частка

Спампаваць файл відэа на кампутар у добрай якасьці можна тут: 16 MB

Аляксандар Казулін дома з бацькамі і роднымі

Спампаваць файл відэа на кампутар у добрай якасьці можна тут: 28 MB

Відэа Алеся Бондара

Alexander Kozulin/Kazulin. Photo by Julia Darashkevich
Alexander Kozulin/Kazulin. Photo by Julia DarashkevichЗ бацькамі
Alexander Kozulin/Kazulin. Photo by Julia Darashkevich
Alexander Kozulin/Kazulin. Photo by Julia Darashkevich
Alexander Kozulin/Kazulin. Photo by Julia Darashkevich

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0