У Магілёве на Дняпры спыненае суднаходства. Мясцовы рачны порт нясе страты. Урачыста адкрыты сёлета прычал для прагулачных катараў незапатрабаваны. На прыколе і самі катары. Стала менш у рацэ рыбы. Прычына — абмяленне ракі. Два гады запар на Дняпры не было добрых паводак. Сёлетняе спякотнае лета сітуацыю пагоршыла. Падзенне ўзроўню вады прывяло да спынення суднаходства. Судны стаяць на прыколе ў мясцовым рачным порце. 

«Няма вады — значыць, няма канкрэтнай працы. Нясём страты. Расходная частка ўзрастае, — тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі порта. — У арэнду аддалі судна ў Оршу, і цяпер і яно, і баржа завіслі. Да якога часу, ніхто не ведае. Зноў жа нясём расходы дадатковыя. Мостабудаўнічае прадпрыемства — таксама. Судна ж трэба ахоўваць. У Магілёве каля Пушкінскага моста стаяць два краны і там, відаць, застануцца да зімы або да вялікай вады. Іх асадка ў ваду да аднаго метра дзесяці сантыметраў, а глыбіня цяпер — да 60 сантыметраў. Як мы іх у порт даставім?»

Прычал, які абышоўся ў паўтара мільярда рублёў і ўрачыста быў сёлета адкрыты ў маі, застаецца незапатрабаваным. Вада ад яго адступіла на паўтара метра. На прыколе застаюцца і прагулачныя катары. Рыбакі сцвярджаюць, што рэчышча агалілася да двух метраў. Такога раней не назіралася. Запаволілася і рачная плынь. Водарасці, якія хавала вада раней, апынулася на паверхні. 

«Сёлета не было паводкі. А напрыклад, пазамінулы год дык вада падымалася на 2,5-3 метры, — тлумачыць сітуацыю адзін з рыбакоў. — У паводку вымываюцца яміны пад вадой. Калі павольная плынь і няма паводкі, то яміны замываюцца і рыба сыходзіць. Вялікай рыбы няма ажно да самага Быхава. Корму для яе, відаць, няма і вады мала». 

«Два гады не было паводкі, і рыба ўся сышла, — наракае яшчэ адзін рыбак. — Два гады нерасту не было. Калі трэці год так будзе, то Дняпро пераўтворыцца ў балота»

«Каб Дняпро падняўся, трэба, каб дажджы ладныя ішлі тыдзень. Рака папаўняецца за кошт грунтовых вод, а іх узровень таксама стаў меншы. Цяпер і чарвяка адшукаць цяжка», — працягвае суразмоўца.

«Значна змялеў Дняпро. Бачыце, мелі ўтварыліся, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін рыбак. — Забруджана дужа рака. Цяпер увесь бруд вылез. Якая у ім можа быць рыба? Усё ў бутэльках. Камеры, пакрышкі — чаго толькі не знойдзеш».

Спецыялісты з гідраметцэнтра супакойваюць: катастрафічнага ў абмяленні ракі няма, нізкі ўзровень вады звязаны з сезоннымі хістаннямі.

«Калі пойдуць ападкі, то ўзровень падымецца. У нас жа і ўзімку снегу не было. Дажджоў і ўвесну і ўлетку — таксама. Калі-небудзь разальецца Дняпро і стане нармальна. Падземныя воды таксама спадаюць. Нашы балоты перасыхаюць. Таму дажджы патрэбныя не толькі для Дняпра, але для ўсіх», — паведамілі ў гідраметцэнтры.

Днямі падзенне ўзроўню вады ў Дняпры дасягнула рэкорднай адзнакі за ўсе гады назірання за ракой — мінус 23 сантыметры. Летась было мінус 13. Назіранні вядуцца з 1876 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?