Даходы за перыяд стварэння і эксплуатацыі Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі па стане на 15 ліпеня 2015 года склалі 47,89 млн. долараў ЗША, паведаміла 22 ліпеня прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук з нагоды трэцяй гадавіны запуску Беларускага касмічнага апарата.

Айчынным і замежным спажыўцам перададзена касмічных здымкаў на суму 6,91 млн. долараў ЗША, падатковыя паступленні ў бюджэт склалі 9,5 млн. долараў ЗША.

«Беларуская касмічная сістэма дыстанцыйнага зандавання Зямлі ўстойліва працуе па сваім функцыянальным прызначэнні і забяспечвае зацікаўленыя ведамствы і арганізацыі Беларусі, а таксама замежных замоўнікаў касмічнымі здымкамі зямной паверхні з прасторавым распазнаваннем 2,1 метра ў панхраматычным рэжыме (чорна-белыя) і з распазнаваннем 10,5 метра ў мультыспектральным рэжыме (у чатырох спектральных дыяпазонах)», — зазначаецца ў паведамленні.

Зараз БКА ажыццяўляе касмічную здымку ў інтарэсах 21 арганізацыі, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні 11 міністэрстваў, а таксама камерцыйную здымку ў інтарэсах шэрагу замежных замоўнікаў. За час арбітальнага палёту зроблена здымка каля 54 млн. квадратных кіламетраў зямной паверхні.

З мэтай развіцця Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі і пашырэння кола задач, што вырашаюцца з яе дапамогай, спецыялісты НАНБ сумесна з калегамі з Федэральнага касмічнага агенцтва Расіі прапрацоўваюць варыянты стварэння новага спадарожніка з распазнаваннем меншым за адзін метр.

Для фарміравання і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў касмічнай сферы дзейнасці ў НАНБ прынята рашэнне аб стварэнні Агенцтва па касмічных даследаваннях.

Першы запуск спадарожніка з касмадрома Байканур у Казахстане 26 ліпеня 2006 года быў няўдалым з-за няспраўнасці ракеты-носьбіта «Днепр». За запускам тады назіраў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?