Сёння ў Брэсце супрацоўнікам АУС Ленінскага раёна затрыманая актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аліна Літвінчук, якая везла з Мінска пасведчанні членаў ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі, што пражываюць у Брэсцкім рэгіёне. 

Як паведаміў БелаПАН Лябедзька, Літвінчук знаходзіцца ў міліцыі. «На яе складаюць пратакол, быццам бы фігуруюць два артыкулы», — сказаў палітык. Затрыманне актывісткі ён назваў «кропкавым»: «Яе чакалі». 

Як лічыць прэтэндэнт у прэзідэнты, у Брэсце «адбылася адкрытая правакацыя». «Калі браць яе прававы бок, то мы фактычна не можам збіраць у Брэсцкай вобласці подпісы, бо ў людзей няма пасведчанняў», — сказаў Лябедзька. 

Паводле яго слоў, ЦВК ужо праінфармаваная пра здарэнне. Палітык не выключыў магчымасць звароту са скаргай у пракуратуру. «Лічу, што гэтае здарэнне — спроба ўнесці вірус страху ў нашу каманду», — заявіў Лябедзька. 

Цяпер прэтэндэнт у прэзідэнты ўдзельнічае ў пікеце каля мінскага ГУМа, падчас якога заклікае людзей «зрабіць самае простае — паставіць свае подпісы за перамены ў краіне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?