Прабіццё зорнага дыску пульсарам ва ўяўленні мастака. Выява: NASA/CXC/M.Weiss

Прабіццё зорнага дыску пульсарам ва ўяўленні мастака. Выява: NASA/CXC/M.Weiss

Амерыканскія астраномы распавялі ў часопісе The Astrophysical Journal пра незвычайную з’яву, што пабачылі на здымках тэлескопа «Чандра»: пульсар, што праходзіць праз газавы дыск зоркі. Такое уварванне ў асабістую прастору зоркі спрычыніла магутны выкід рэчыва з дыску.

Двайная сістэма складаецца з вялікай зоркі, большай за Сонца ў 30 разоў, і значна меншага пульсара. Вялікая зорка круціцца так хутка, што раскідвае ў бакі сваё рэчыва, ствараючы газавы дыск. Гэты дыск «прабівае» пульсар.

Сістэма PSR B1259-63/LS 2883 знаходзіцца ў сузор’і Паўднёвага Крыжа ў 7,5 тысячах светлавых год ад нас. Пульсар (нейтронная зорка з высокай намагнічанасцю, што надзвычай хутка абарочваецца вакол сваёй восі) мае перыяд абароту вакол вялікай зоркі ў 41 месяц.

Штораз як пульсар праходзіць праз газавы дыск, ён выбівае згустак рэчыва, што яскрава свеціцца ў рэнтгенаўскім дыяпазоне. Згустак па масе роўны ўсім зямным акіянам разам узятым. Але ён вельмі рассеяны ў прасторы: воблака разрастаецца да памераў, у сотню разоў большых за сонечную сістэму. Згустак на пры першым назіранні ў 2011 годзе рухаўся хуткасцю ў 21 тысячу кіламетраў на секунду, паводле назіранняў 2014 года паскорыўся да 45 тысяч.

Наступны раз назіраць «дзіравую» зорку і выбіты з яе дыску згустак рэчыва «Чандра» зможа ў канцы 2015 года і ў 2016-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?