Фота: itc.ua

Фота: itc.ua

Міжнародная арганізацыя Electronic Sports League, што праводзіць спаборніцтвы па відэагульнях, заявіла аб правядзенні на будучых спаборніцтвах выбарачных допінг-пробаў, перадае Eurogamer.

Ужо сёння на спаборніцтвах па відэагульнях забаронена ўжываць допінг, але спартоўцаў не прымушалі здаваць аналізы. Рашэнне пра праверкі было прынятае пасля таго, як прафесійны гулец заявіў, што «ўсе гульцы» прымаюць допінг на спаборніцтвах.

На мінулым тыдні гулец у Counter-Strike: Global Offensive Коры Фрысэн прызнаўся, што ён і яго каманда ўжывала псіхастымулявальны прэпарат. Паводле яго слоў, так робяць «усе гульцы». Турнір, на якім, паводле яго слоў, ужываўся допінг, праводзіўся ESL увесну гэтага года ў Польшчы.

Арганізатары не стануць ужываць санкцыі супраць Фрысэна і яго каманды: праверыць праўдзівасць заявы праз некалькі месяцаў пасля турніру ўжо немагчыма, ды і заяву ён зрабіў пасля зыходу з каманды, таму ёсць прычыны сумнявацца ў яго словах.

***

Electronic Sports League праводзіць спаборніцтвы па Counter-Strike: Global Offensive, StarCraft II, League of Legends, Heroes of the Storm і іншых гульнях. Іншыя асацыяцыі (напрыклад, тыя, што праводзяць турніры па DoTA ці World of Tanks) не праводзяць тэстаў на допінг і пакуль не заяўлялі пра магчымасць іх увядзення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?