У сённяшняй Беларускай праваслаўнай царкве ёсць два лагеры. «Адзін – звязаны з «расейскім светам», схільны да адміністрацыйных метадаў, ксенафобіі, часам да шавінізму. І другая частка — светлая, ахіленая той бел-чырвона-белай стужкай», — мяркуе сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

«Беларускае праваслаўе нельга аддаваць Маскве і чарнасоценцам! Бо разам аддадзім Ефрасінню Полацкую, Канстанціна Астрожскага, Кірылу Тураўскага», — адзначыў ён у інтэрв’ю Радыё Рацыя.

Пры гэтым палітык лічыць пагрозу з боку «рускага свету» надзвычай сур’ёзнай. «У любы момант звычайныя гопнікі з раёна альбо маладзёны, што ходзяць у трэнажорныя залі, дый нават тыя, што сядзяць каля камп’ютара, могуць ператварыцца ў сапраўдных «зомбі». Іх мы ўжо ўбачылі і ў Крыме, і ў Данецку, і ў «Ісламскай дзяржаве». Перавярнуць, паводле сучасных псіха-тэхналогій, свядомасць, асабліва ва ўзросце сталення, цалкам магчыма. Таму ёсць і маладыя беларусы, што спавядаюць ідэалогію нянавісці да Захаду, габрэяў, беларускага Адраджэння, іншаверцаў. І гэта ёсць праявы «чарнасоценства»», — мяркуе ён.

«Прынцыпова важна, што вядзе памянёных «адмыслоўцаў» не «любоў да Расеі», ідэй, што нясуць расейская класічная літаратура ці музыка – а самасцвярджэнне сябе шляхам прыніжэння іншых, пры чым радыкальнага, што не спыніцца перад узброеным знішчэннем «ворага»! Гэта тое жахлівае, што натхняла Гітлера, а сёння многіх «добраахвотнікаў», што едуць на Данбас і вяртаюцца часам у цынкавых трунах. Беларусам чужая вайна не на іх тэрыторыі і чарговы генацыд супраць сабе – непатрэбныя!» – заявіў сустаршыня БХД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?