У інтэрнэце стартавала кампанія супраць будаўніцтва ў Мінску «газпромаўскай» развязкі ў яе цяперашнім выглядзе, паведаміў актывіст Мінскага веласіпеднага таварыства Павел Гарбуноў. 

У сетцы створаны сайт razvyazka.net, дзе абгрунтоўваецца неабходнасць адмовы ад двухузроўневай развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава каля будучага офіса расійскай кампаніі «Газпром» (запланаваны на месцы знесенага аўтавакзала «Маскоўскі»). 

Паводле меркавання актывістаў, такая развязка «разбурыла б бясцэнную паркавую зону без якой-небудзь карысці для пешаходаў, веласіпедыстаў і мясцовых жыхароў». «Многія мінскія спецыялісты па транспартным планаванні і праекціроўшчыкі ў кулуарах таксама гавораць аб тым, што будаўніцтва гэтай развязкі з пункту гледжання транспартнага праектавання бессэнсоўнае», — сцвярджаюць ініцыятары акцыі і прапаноўваюць на сайце альтэрнатыўныя падыходы. 

Адзін з іх — будаўніцтва лёгкага падвеснага моста на аснове інавацыйнай развязкі Hovenring у Нідэрландах. Праект «забяспечвае поўнае аддзяленне аўтамабільнага руху ад пешаходаў і веласіпедыстаў». 

Актывісты просяць Мінгарвыканкам і прадстаўніцтва «Газпрома» прыпыніць рэалізацыю цяперашняга праекта, «прааналізаваць мэтазгоднасць будаўніцтва развязкі ў цэлым і больш экалагічныя альтэрнатывы, рэалізаваць якія магчыма нават на сённяшняй стадыі будаўніцтва». 

Ініцыятары акцыі заклікаюць мінчан выказаць сваю пазіцыю, адправіўшы ліст на адрас прадстаўніцтва Газпрама і Мінгарвыканкама. Узоры лістоў знаходзяцца на сайце кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?