Псеўдаказакі «Казацкага спасу», што дзейнічаюць пад патранажам РПЦ у Беларусі, апублікавалі на сваім сайце справаздачу чарговых «заняткаў» з падлеткамі.

Паводле «казакоў», зборы для непаўналетніх беларускіх дзяцей цягнуліся 7 дзён, для чаго былі задзейнічаныя ажно 12 «інструктараў». Тыя чыталі падлеткам «лекцыі патрыятычнага кірунку» і прымалі залікі па стральбе з пісталета і вінтоўкі.

Апроч таго, дзеці за час збораў узялі ўдзел у крыжовым ходзе на «Лініі Сталіна» і вучыліся аказваць першую дапамогу параненым.

Мерапрыемства таксама наведаў беларускі кікбаксёр Аляксей Ігнашоў.

Прарасійскія казакі «Казацкага спасу» пад кіраўніцтвам Пятра Шапко рэгулярна праводзяць зборы па падрыхтоўцы беларускіх падлеткаў да вайны. Арганізацыя прыкрываецца супрацоўніцтвам з храмам Раства Хрыстова і «моладзевым дабрачынным грамадскім аб’яднаннем «Горад без наркотыкаў», якім таксама кіруе Пётр Шапко.

«Казакі» ў размовах з журналістамі «НН» абвяргаюць сваю прарасійскую пазіцыю, але не могуць патлумачыць, у чым палягае так званае «патрыятычнае выхаванне», якое яны навязваюць беларускім падлеткам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?