Вынік «гульняў» хакераў з тармазамі Jeep Cherokee. Фота: Whitney Curtis for Wired

Вынік «гульняў» хакераў з тармазамі Jeep Cherokee. Фота: Whitney Curtis for Wired

Канцэрн Chrysler абвясціў аб адкліканні 1,4 млн машын, у якіх усталяванае праграмнае забеспячэнне Uconnect, піша Wired. Сярод адкліканых Dodge Ram, Chrysler і Jeep 2013-2015 гадоў выпуску.

Прычынай адклікання стала магчымасць дыстанцыйнага ўзлому і перахоплівання кіравання машынай. Канцэрн абяцае залатаць «дзіры» і працаваць над бяспекай разам з аператарам Sprint, праз які машыны звязваюцца з інтэрнэтам.

Адкліканыя будуць: MY Dodge Viper, Dodge Ram 1500, 2500 і 3500, а таксама 4500 і 5500 2013-2015 гг., Jeep Grand Cherokee і Dodge Durango 2014-2015 гг., MY Chrysler 200, Chrysler 300 і Dodge Charger ды Dodge Challenger 2015 года.

Магчымасць дыстанцыйнага ўзлому машын канцэрну Chrysler хакеры прадэманстравалі 21 ліпеня. У амаль хакерскім баевіку яны паказалі, што могуць кантраляваць у машыне практычна ўсё: хоць уключыць кандыцыянер, хоць змяніць радыёстанцыю, хоць «пагуляцца» з тармазамі.

«Я быў здзіўлены, што яны не зрабілі гэтага раней, і рады, што зрабілі нарэшце, — сказаў Чарлі Мілер, адзін з хакераў, які прадэманстраваў узлом журналісту Wired. — Блакаванне [атакі] Sprint гэта вялікая справа».

Другі ўзломшчык, Крыс Валасек, пацвердзіў, што «дзіра», што дазваляла ўзламаць машыны, ужо залатаная. Таму яшчэ да адклікання ўладальнікі машын могуць пачуваць сябе ў бяспецы ад прынамсі Мілера і Валасека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?