Паколькі родныя й паплечнікі Аляксандра Казуліна не дачакаліся станоўчага рашэньня ўладаў наконт магчымасьці пахаваць Ірыну Казуліну на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках у Менску, яна будзе пахаваная сёньня на могілках у Тарасаве Менскага раёну. Пра гэта БелаПАНу паведаміў Ігар Рынкевіч, былы адвакат Казуліна.

Жалобная працэсія выправіцца ў Тарасава ад Чырвонага касьцёлу а 13‑й гадзіне.

З просьбай дазволіць пахаваць Ірыну Казуліну на Ўсходніх могілках Менску ейныя сваякі й грамадзкасьць зьвярталіся ў Менгарвыканкам, урад і Адміністрацыю прэзыдэнта.

Учора Менгарвыканкам не дазволіў пахаваць Ірыну Казуліну на Ўсходніх могілках з той прычыны, што могілкі ёсьць закрытымі й прызначаныя для пахаваньня заслужаных грамадзян.

«Пры гэтым прадстаўнік Менгарвыканкаму заявіў, што ўвогуле ня ведае, хто такая Ірына Казуліна», — адзначыла ў інтэрвію БелаПАНу кіраўніца прэсавай службы Казуліна Раіса Міхайлоўская.

Яна падкрэсьліла, што ў лісьце былі пералічаныя заслугі й адзначаная роля Ірыны Казулінай у барацьбе з анкалягічнымі захворваньнямі й ейны ўнёсак у працу грамадзкай арганізацыі «У промнях надзеі».

Паводле БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0