Таццяну Смоткіну выклікаюць у суд Глыбоцкага раёна 28 ліпеня на 14.30. Хто будзе весці працэс, пакуль невядома. Позву даслалі заказным лістом.

«Я вырашыла, што адвакат мне не патрэбны — буду бараніцца сама. Збіраюся стаяць на тым, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права кожнаму грамадзяніну як здабываць інфармацыю, так і дзяліцца ёй з ішымі», — сказала Таццяна Смоткіна службе маніторынгу ГА «БАЖ».

На журналістку завялі адміністрацыйную справу пасля з'яўлення на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» матэрыяла «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі».

Пра гэтыя малюнкі быў матэрыял, што стаў падставай для адміністрацыйнай справы. Фота Службы маніторынгу ГА «БАЖ»

Пра гэтыя малюнкі быў матэрыял, што стаў падставай для адміністрацыйнай справы. Фота Службы маніторынгу ГА «БАЖ»

«Гэта матэрыял пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі каналізацыйныя люкі, «ператварыўшы» іх у «чарапашак», «рыбак», «гузікі» ды іншыя забаўкі. За яго старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла 25 чэрвеня і склаў на мяне пратакол правапарушэння. Прычым не патлумачыў мне правы і абавязкі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, пра што я ў тым самым пратаколе і напісала заўвагу», — распавяла Таццяна Смоткіна.

Гэта пратакол разам з іншымі матэрыяламі справы міліцыя накіравала ў суд. Суддзі не пагадзіліся разглядаць дакументы, заўважыўшы памылкі ў іх афармленні. Матэрыялы вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю, і 10 ліпеня старшы інспектар Вячаслаў Барыла зноў выклікаў журналістку, каб нарэшце патлумачыць ёй правы.

Цяпер у адміністрацыйнай справе ёсць два асобныя пратаколы: уласна пра правапарушэнне і пра тое, што праз два тыдні пасля апытання ў міліцыі Таццяне Смоткінай нарэшце паведамілі, што яна можа карыстацца паслугамі адваката, знаёміцца з матэрыяламі справы, мае іншыя правы ды абавязкі.

Гэткім чынам у міліцыі паступілі і з незалежным журналістам Змітром Лупачам. У яго справе таксама былі два пратаколы, і суд не ўлічыў парушэння яго правоў з боку міліцыі. 23 ліпеня Лупача прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 22.9 КаАП ч.2 і аштрафавалі на 4, 5 мілёны рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?