27 ліпеня ў Мінску прайшло пасяджэнне аргкамітэта ініцыятыўнай групы палітвязня Мікалая Статкевіча. На ім ягоная жонка Марына Адамовіч агучыла тэкст звароту Мікалая Статкевіча, перададзены ім з турмы:

«Хачу падзякаваць усім, хто ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы. Я разумею, што ў нашым напалоханым грамадстве гэта — учынак і дзякую ўсім, хто здзейсніў гэты ўчынак. Такая падтрымка важная не толькі для мяне, але і для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў зняволенні праз свае перакананні.

Будзем адкрытыя, удзел апазіцыі ў апошніх прэзідэнцкіх кампаніях меў сэнс, перш за ўсё, як магчымасць арганізаваць масавы пратэст супраць шоу, у якое ўлады ператварылі выбары, і паспрабаваць вярнуць краіну да дэмакратыі.

Цяпер ніводзін з альтэрнатыўных кандыдатаў такой задачы не ставіць. Я не бачу вялікага сэнсу ў такім удзеле. Акрамя таго, удзел часткі апазіцыі робіць малаэфектыўным байкот выбараў. У такіх варунках я заклікаю тых, хто не згодны з роляй статыстаў у чарговым спектаклі, да грамадзянскага супраціву.

Я заклікаю тых, хто прыйдзе альбо будзе вымушаны прыйсці на выбарчыя ўчасткі, напісаць сваё пасланне ў бюлетэні для галасавання, якое б дакладна сведчыла аб непрыманні палітыкі кіроўнага рэжыму. Упэўнены, што калі гэты сігнал будзе масавым, ён дойдзе да адрасата.

Будзьце свабоднымі ў сваіх поглядах і паводзінах. Калі свабодных людзей стане дастаткова, мы здолеем здабыць свабоду і для краіны», — гаворыцца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?