Фота: Антон Сурапін

Фота: Антон Сурапін

Прадстаўніца праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Равяка накіравала электронны зварот міністру адукацыі Беларусі.

У лісце да Міхаіла Жураўкова праваабаронца звяртае ўвагу на факты прымусу настаўнікаў да ўдзелу ў фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Тэкст ліста Таццяна Равяка размясціла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»:

«Міхаіл Анатольевіч, цяпер, як Вы ведаеце, ідзе кампанія выбараў прэзідэнта Беларусі. Распавяду Вам гісторыю адной настаўніцы з вельмі добрай менскай гімназіі. З сённяшняга дня, панядзелка, яна адкліканая з адпачынку на тыдзень, бо яе ўключылі (звяртаю ўвагу — уключылі, а не яна добраахвотна ўвайшла) у ініцыятыўную групу дзейнага прэзідэнта. Яна абавязаная сабраць 200 подпісаў.

Адзінае, чаго ўдалося ёй дамагчыся — каб дазволілі не стаяць у пікетах, а збіраць подпісы па кватэрах. І гэта пры тым, што гэтая настаўніца ніколі не была прыхільніцай дзейнага прэзідэнта і ні разу за яго не галасавала.

Падчас мінулых выбараў у 2010 годзе гэтая настаўніца была ўключаная ва ўчастковую камісію. Галасавала яна за А. Саннікава і падчас падліку лічыла частку стосаў бюлетэняў за гэтага кандыдата. Налічыла 70, а калі ў выніковым пратаколе ўбачыла агульную лічбу 14, то абурылася і адмовілася яго падпісваць. Пратакол падпісалі за яе. А потым з ёй была сур'ёзная размова. Ёй наўпрост сказалі, што яе ўчынак — гэта не толькі яе адказнасць, але і завуча, і дырэктара, і што ў выпадку чаго яны таксама застануцца без працы.

А што такое застацца настаўніцы без працы, я магу распавесці на прыкладзе іншай былой ужо настаўніцы — Наталлі Ільініч, настаўніцы вышэйшай катэгорыі, якая 26 гадоў адпрацавала ў Талькаўскай сярэдняй школе і была звольненая ў пачатку 2011 года за ўдзел у ініцыятыўнай групе аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

Міхаіл Анатольевіч, я была вельмі рада, калі ўбачыла, што Вы сталі міністрам адукацыі. Ваша імкненне да таго, каб беларуская сістэма адукацыі адпавядала еўрапейскім стандартам, уважае за вельмі добрае і перспектыўнае для будучыні краіны. І ўпэўненая, што такая будучыня не забяспечваецца сённяшнім страхам і запалохваннем супрацоўнікаў. Еўрапейскі стандарт — гэта перш за ўсё свабода думкі і плюралізм меркаванняў. Існая прэзідэнцкая кампанія — першая для Вас у якасці міністра, і ад вашай асабістай пазіцыі цяпер можа шмат залежаць. Не дазвольце зневажаць настаўнікаў. 

P.S. Калі Вы палічыце патрэбным, я вас пазнаёмлю з настаўніцай, пра якую ідзе гаворка, пад гарантыі бяспекі яе асабіста і яе кіраўніцтва. І з Наталляй Ільініч таксама».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?