У Баранавічах узяты пад варту вадзіцель, які ўчыніў у нецвярозым стане смяротны наезд на дзяўчыну, якая знаходзілася ў палатцы, паведамляе ўпраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. 

Устаноўлена, што 25 ліпеня, прыкладна ў 5 гадзін, аўтамабіль Volvo S40, рухаючыся наперад па тэрыторыі рэкультываванага кар'ера блізу вёскі Амневічы Баранавіцкага раёна, учыніў наезд на турыстычную палатку. У ёй у той момант знаходзілася 21-гадовая дзяўчына, жыхарка Ганцавічаў, якая ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерла на месцы. 

Праведзены агляд вадзіцеля выявіў, што ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. 26-гадовы мужчына — жыхар Баранавічаў, вадзіцель-экспедытар прыватнага гандлёвага прадпрыемства. 

Баранавіцкі міжраённы аддзел СК у дачыненні да вадзіцеля распачаў крымінальную справу на падставе ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека). 

Праведзеныя допыты сведак, прызначаны комплекс экспертных даследаванняў. 

Улічваючы ступень грамадскай небяспекі злачынства і абцяжарваючую акалічнасць — стан алкагольнага ап'янення, следчыя прымянілі ў дачыненні да падазронага меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Таксама фігуранту крымінальнай справы выстаўлена абвінавачванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?