Аляксандр Лукашэнка правёў сёння нараду аб праблемных пытаннях развіцця прамысловасці будаўнічых матэрыялаў і шляхах іх вырашэння.

«Найважнейшая задача цяпер — выгадна прадаць і забяспечыць вяртанне валютнай выручкі ў краіну. Ад гэтага залежыць, цb разлічацца мадэрнізаваныя прадпрыемствы па крэдытах, ці будуць сродкі на развіццё вытворчасці і павышэнне заробкаў працаўнікам», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для развіцця сферы вытворчасці будаўнічых матэрыялаў у Беларусі маюцца значныя ўласныя сыравінныя рэсурсы. Ён нагадаў, што для максімальна эфектыўнага выкарыстання гэтага фактару мадэрнізаваны і істотна павялічаны магутнасці айчынных прадпрыемстваў па вытворчасці цэменту і ліставога шкла. Завяршаецца тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў буйнапанэльнага домабудавання і домабудаўнічых камбінатаў.

«Гэта значыць, што ў нас створаны ўмовы не толькі для задавальнення патрэбаў унутранага рынку, але і для нарошчвання экспарту», — падкрэсліў Лукашэнка. Паводле яго, з-за абвастрэння канкурэнцыі, сціскання знешніх рынкаў на першы план выходзяць пытанні якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

«Пакуль жа практычна 80% вырабляемых ў краіне будматэрыялаў рэалізуецца на ўнутраным рынку. Прычым мне дакладваюць аб зніжэнні попыту на прадукцыю, пагаршэнні дынамікі вытворчасці ў галіне, нізкай аддачы і неэфектыўным выкарыстанні дадатковых магутнасцяў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Нам неабходна вызначыць, што ў першую чаргу трэба будзе зрабіць для развіцця галіны, а таксама выпрацаваць сістэмныя падыходы да вырашэння існуючых задач», — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён папрасіў не забываць, што гаворка ідзе пра горадаўтваральныя арганізацыі з шматлікімі працоўнымі калектывамі: «Дабрабыт больш як 50 тыс. працуючых і іх сем'яў наўпрост залежыць ад стабільнага функцыянавання гэтых прадпрыемстваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?