Упершыню за доўгі час прадстаўнікі апазіцыі маглі выказацца ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1». Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама дырэктар цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук былі гасцямі перадачы «Форум». Тэмай размовы былі прэзідэнцкія выбары.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі незалежнага грамадства заўсёды запрашаюцца ў перадачу «Справа прынцыпа» на тэлеканале АНТ. Гасцямі шоу Вадзіма Гігіна былі Аляксандр Класкоўскі, Валер Карбалевіч, Валер Булгакаў, Алег Трусаў і некаторыя іншыя. А вось на «Беларусь-1» доступ быў па-ранейшаму закрыты.

Рыгор Кастусёў кажа, што быў здзіўлены такому запрашэнню. «Тым не менш, трэба выкарыстоўваць любую магчымасць выказаць свае думкі – хай на тэлебачанні, на радыё, у газетах. У такіх перадачах трэба казаць вельмі асцярожна, каб цябе не выставілі ў непрывабным выглядзе. Дзякуй Богу, аўтары перадачы на гэта не пайшлі», — расказвае Кастусёў.

Апанентамі Раманчука і Кастусёва былі камуніст Георгій Атаманаў, філосаф Аляксей Дзермант, эканаміст Міхаіл Кавалёў, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

«У нас з Лазавіком адбылося дзве перапалкі. Першая ў пачатку запіса, калі я згадаў выпадак з парламенцкіх выбараў 2008 года, калі назіральнік зафіксаваў у Шклоўскай акрузе, як сябры ўчастковай камісіі падпісалі пустыя пратаколы. У другой палове я сказаў, што выбары будуць прызнаныя Еўропай, калі іх не будуць фальсіфікаваць», — адзначыў Рыгор Кастусёў.

Тым не менш, удзельнік перадачы кажа, што нянавісці паміж бакамі не было. «Пасля перадачы мы добра паразмаўлялі з спадаром Лазавіком, Атаманава я даўно ведаю. Ніякай напружанасці паміж намі не было».

Кастусёў гаворыць, што некаторыя ягоныя выказванні ўсё ж былі скарочаныя, але агульны сэнс быў перададзены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?