Колькасць бачных зорак пазначаная рознымі колерамі. Звесткі за 2005 год. Выява: Cinzano/ISTIL via inquinamentoluminoso.it

Колькасць бачных зорак пазначаная рознымі колерамі. Звесткі за 2005 год. Выява: Cinzano/ISTIL via inquinamentoluminoso.it

Беларусь застаецца «белай плямай» на многіх мапах. Напрыклад, на мапе турыстаў, мапе Twitter-актыўнасці ці на мапе аматараў пакатацца на карэтах. Часам гэта само сабой выпраўляецца — мы больш не «белая пляма» на мапе Балонскага працэсу ці мапах Nokia.

Мы практычна «белая пляма», а хутчэй нават «чорная дзіра» на мапах светлавага забруджання. І гэта добра: мы можам глядзець на зоркі — і бачыць многа зорак.

На гэтым тыдні па англамоўным інтэрнэце раптоўна сталі разлятацца мапы светлавага забруджання — кшталту мапы Еўропы, паказанай вышэй. Магчыма, скачок інтарэсу звязаны з рассечаным сэрцайкам Плутона ці адкрыццём «Зямлі 2.0». А можа, і ні з чым не звязаны, як то нярэдка бывае ў інтэрнэце.

Персеіды над касцёлам у Багушэвічах. Фота: Віктар Малышчыц, 2013

Персеіды над касцёлам у Багушэвічах. Фота: Віктар Малышчыц, 2013

«Наша эканоміка нас узнагародзіла! — распавёў «Нашай Ніве» фатограф Віктар Малышчыц, аўтар здымка вышэй і яшчэ безлічы чароўных фота зорнага неба. — Мінск гэта найгоршае месца ў Беларусі для назірання зорак, але сама Беларусь — проста рай для аматараў паглядзець на зоркі».

Светлавае забруджанне на самой справе цесна павязанае з развіццём эканомікі. Гэта выразна бачна на зменах мапы ЗША: з 70-х з’ўляюцца вялікія прасторы, на якіх бачна менш за сотню зорак, з 1997 года дзе-нідзе праз начныя агні чалавецтва ўжо не пабачыць Палярную зорку, а праз 10 год у Штатах застануцца толькі «астраўкі», на якіх можна будзе пабачыць не «забруджанае» чалавецтвам зорнае неба.

Светлавае забруджанне Злучаных Штатаў. Pierantonio Cinzano et. al., «Light Pollution: a Global View», 2002

Светлавае забруджанне Злучаных Штатаў. Pierantonio Cinzano et. al., «Light Pollution: a Global View», 2002

Горшая сітуацыя ў Японіі, падобная — на захадзе Кітая і ў Індыі, у некаторых краінах Паўнёва-Усходняй Азіі і Бліжняга Усходу, на захадзе Паўднёвай Амерыкі.

«У свеце існуе такая арганізацыя, як Асацыяцыя цёмнага неба, якая займаецца барацьбой са светлавым забруджаннем і прапагандай назіранняў за начным небам, — кажа Малышчыц. — І яны па ўсім свеце ўказваюць на самыя цёмныя месцы, куды ўсе ахвочыя могуць лёгка даехаць. Звычайна гэта розныя нацыянальныя паркі, дзе мясціны больш-менш глухія. Ёсць у іх рэкамендаваныя кропкі і ў Еўропе. Дык вось, я Вам скажу, што неба ў большасці месцаў Беларусі куды больш багатае на зоркі, чым у гэтых «рэкамендаваных» лакацыях».

Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што светлавае забруджанне не толькі замінае бачыць зоркі, але і перашкаджае спаць, бо не дае целу ў дастатковай колькасці выпрацоўваць мелатанін. Яшчэ горш яно ўплывае на жывёл, птушак і нават планктон.

Светладыёдныя ліхтары на левым боку вуліцы, старыя ртутныя — на правым. Фота: alreadytakenusername via reddit

Светладыёдныя ліхтары на левым боку вуліцы, старыя ртутныя — на правым. Фота: alreadytakenusername via reddit

Праўда, уратаваць ад светлавага забруджання можа тая самая эканоміка: кажуць, каля 40% рахунку гарадоў за электрычнасць можа прыходзіцца на гарадское асвятленне, а палова з таго проста марнуецца.

Выйсцем бачаць разумныя светладыёдныя ліхтары з датчыкамі руху — хоць і больш яскравыя, яны свецяць больш скіравана. Да таго ж, яны больш энергаэфектыўныя, а калі нікому не патрэбныя, яны проста не будуць свяціць дзякуючы датчыку руху.

Светлавае забруджанне Беларусі, 2013. Выява: astrobel.ru

Светлавае забруджанне Беларусі, 2013. Выява: astrobel.ru

Дэталёва разглядзець Беларусь можна на аматарскіх мапах засвятлення кшталту апублікаванай у 2013-м на astrobel.ru. Паглядзець у высокім разрозненні.

«Прагрэсіўнае назіранне аб'ектаў далёкага космасу можна рабіць пачынаючы з мяжы паміж жоўтай і зялёнай зонамі, але найлепшыя назіранні маюць месца пры поўнай адсутнасці засвятлення, — каментуе мапу аўтар. — Напрыклад, галактыка М31 «Туманнасць Андрамеды» пры адсутнасці засвятлення ў 200 мм тэлескоп выглядае выдатна, тым часам як у чырвонай зоне бачная толькі цэнтральная частка — ядро галактыкі. Многія слабыя аб'екты — туманнасці, астэроіды, слабыя каметы, Плутон, — для тэлескопаў сярэдніх апертур бачныя толькі пры ўмове адсутнасці засвятлення».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?