За паўгода ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі паступіла пяць-сем дзяцей, якія праглынулі батарэйкі, паведаміў дырэктар РНПЦ Канстанцін Драздоўскі на прэс-канферэнцыі 28 ліпеня ў Мінску. 

«Мне складана казаць пра тое, колькі такіх пацыентаў было ў рэспубліцы, таму што ёсць цэнтры дзіцячай хірургіі ў абласных цэнтрах», — дадаў ён. 

Як сказаў спецыяліст, праглынанне нават маленькай батарэйкі можа вельмі пашкодзіць здароўю дзіцяці, таму бацькам трэба ўважліва ставіцца да гэтай праблемы. Справа ў тым, што пры праглынанні батарэйка становіцца ў страваводзе і выклікае электрахімічны апёк. 

Цяжар наступстваў залежыць ад часу, які прайшоў з моманту праглынання батарэйкі да звяртання да ўрача. «Калі гэта адбываецца ў найбліжэйшыя гадзіны, нават дні, то ў любы час сутак нашы эндаскапісты выдаляюць іншароднае цела, і далей мы назіраем, наколькі сур'ёзнае пашкоджанне стрававода, — адзначыў Драздоўскі. — На жаль, часам бываюць пацыенты, і яны былі сёлета, у якіх даўнасць знаходжання батарэйкі ў арганізме вымяралася тыднямі. Гэтыя пацыенты вельмі цяжкія, яны, на жаль, не заўсёды папраўляюцца. Гэта трэба разумець найперш бацькам». 

Калі батарэйка раз'ядае стрававод, гэта як мінімум заканчваецца звужэннем стрававода (рубцаваннем), у найгоршым варыянце — выклікае перфарацыю, парушэнне цэласнасці стрававода, сказаў хірург. «І тады даводзіцца дзіцяці раз'ядноўваць стрававод, выразаць кавалачак стрававода, каб выратаваць яму жыццё. Пасля неабходна праводзіць пластыку стрававода. Гэта вельмі цяжкія дзеці і складаная аперацыя», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?