Амерыканскія хірургі здолелі перасадзіць кісці рук васьмігадоваму хлопчыку.

Як паведамілі медыкі на прэс-канферэнцыі ў Філадэльфіі, Зіён Харві стаў самым маладым пацыентам, якому ў ЗША правялі падобную аперацыю.

Харві прадэманстраваў журналістам, што ўжо можа трохі варушыць пальцамі і нават злёгку згінаць іх. Ён прызнаўся, што зноў адчуваць кісці рук здалося яму на пачатку трохі дзіўным, а потым прыемным.

Аперацыя цягам 11 гадзін, у якой удзельнічалі прыкладна 40 дактароў, была праведзеная раней у ліпені, аднак публічна паведамілі пра яе толькі цяпер. Хірургі акуратна злучылі артэрыі, вены, сухажыллі, мышцы і нервы, а косткі змацавалі з дапамогай металічных пласцінак і шруб.

Хлопчыку ампутавалі кісці абедзвюх рук, а таксама ступні пасля таго, як ён атрымаў заражэнне крыві. У чатыры гады яму правялі аперацыю па перасадцы ныркі ад маці. Харві, які пражывае ў прыгарадзе Балтымора, пачаў хадзіць з дапамогай пратэзаў і, нават не маючы кісцяў рук, навучыўся пісаць, самастойна есці і гуляць у кампутарныя гульні. Цяпер ён хоча паспрабаваць заняцца спортам.

Як адзначылі дактары, Харві на працягу ўсяго жыцця будзе прымаць медыцынскія прэпараты, каб прадухіліць адрыньванне тканін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?