Грамадства6262

Анатоль Сідарэвіч пра 1000-годдзе з дня смерці князя Уладзіміра: Не наша гадавіна

Ва Украіне і Расіі адзначаюць чарговую гадавіну хросту Русі і ўшаноўваюць 1000-годдзе з дня смерці кіеўскага князя, святога і роўнаапостальнага Уладзіміра. Святкуюць і ўшаноўваюць не толькі праваслаўныя і грэка-каталікі, ушаноўваюць і «праваслаўнутыя» палітыкі кшталту Уладзіміра Пуціна, якога маскоўскі патрыярх Кірыл параўнаў з Уладзімірам Святаславічам.

На дзіва трапнае параўнанне! Каб панаваць у Кіеве, ноўгарадскі князь Уладзімір спаліў Полацк, забіў князя Рагвалода і яго сыноў, гвалтам узяў сабе ў жонкі (а жонак і наложніц у яго была процьма) князёўну Рагнеду; у Кіеве ён забіў роднага брата Яраполка і жорстка расправіўся з тымі, хто выступіў супраць яго.

Ці не нешта падобнае робіць Уладзімір Маскоўскі дзеля таго, каб трымаць у сферы «расійскіх інтарэсаў» Кіеў і ўсю Русь-Украіну?

Тым часам другі патрыярх, Філарэт, прадстаяльнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхату, параўнаў Пуціна са Святаполкам Акаянным.

З гледзішча царкоўнай міфалогіі параўнанне трапнае, з гледзішча гістарычнай навукі — вельмі сумнеўнае. На маю думку, больш, чым гісторыі, пісанай ва ўгоду кіеўскім валадарам, трэба верыць таму, што напісаў скандынаўскі гісторык. Са старонак «Эймундавай сагі» перад намі паўстае яшчэ адзін братазабойца. Не Святаполк, былы князь тураўскі і, імаверна, сын Яраполка, а Яраслаў, сын Уладзіміра, якога праваслаўная царква таксама абвясціла святым.

***

Ва Украіне і Расіі чарговая гадавіна хросту Русі-Украіны і 1000-годдзе з дня смерці Уладзіміра адзначаюцца на шырокую нагу, у Беларусі — пераважна ў сценах праваслаўных храмаў. І гэта натуральна. Было б па меншай меры нонсэнсам, калі б беларусы публічна, на афіцыйным узроўні ўшаноўвалі памяць забойцы Рагвалода і Рагвалодавічаў. Дый цяжка згадзіцца беларусу, нават хрысціяніну, што актам хросту з забойцы змываецца кроў — ну, няхай не родных яму полацкіх князёў, а брата Яраполка. І цяжка адмахнуцца ад пытання: чаму Уладзімір — роўнаапостальны? Хто з апосталаў быў да хросту мнагажэнцам, хто з іх быў забойцам?

І зноў вяртаюся да Святаполка. Калі я слухаю ў царкве жыціе святых Барыса і Глеба, робіцца няёмка. Яшчэ з таго часу, як наш зямляк, выпускнік Мінскага калегіума Восіп Юльян Сянкоўскі апублікаваў «Эймундаву сагу», з таго часу, як класік расійскай гістарычнай навукі Сяргей Салаўёў выказаў думку, што сюжэт пра Барыса і Глеба ўстаўлены ў «Аповесць мінулых часоў» пазней (ведама ж, дзеля абялення Яраслава), нарадзіліся сур’ёзныя пярэчанні супраць афіцыйнай царкоўнай версіі аб пакутніцкай смерці сыноў Уладзіміра ад «балгарыні». А ў царкве (у грэка-каталіцкай таксама) па-ранейшаму круцяць старую кружэлку.

Так, Барыса і Глеба забілі. Але няма бясспрэчных доказаў, што гэта ўчыніў Святаполк, затое ёсць сведчанне тых, хто ўчыніў забойства Барыса на заказ Яраслава. Верыць жа таму, што напісалі аўтары жыція, не выпадае хоць бы таму, што ў праваслаўнага духавенства была рацыя вінаваціць Святаполка. Як вядома, тураўскі князь не толькі ажаніўся з польскай князёўнай (дачкою Баляслава Харобрага), але і трымаў у Тураве лацінскага біскупа, які, вельмі імаверна, вёў хрысціянізацыю дрыгавічоў у заходнім духу. І пагатоў была рацыя вінаваціць Святаполка ў братазабойстве сынам і ўнукам Яраслававым. На іх заказ і пісалася ўстаўка ў «Аповесць мінулых часоў».

***

Чарговая гадавіна хросту Русі-Украіны, асабліва ж 1000-годдзе з дня смерці Уладзіміра, якога ва Украіне і Расіі называюць Вялікім, паказвае, што ў нашых паўднёвых і ўсходніх суседзяў свая гісторыя, а ў нас — свая, у нашых суседзяў свае героі і пакутнікі, а ў нас — свае. У гэтыя дні як ніколі пацвярджаецца тая ісціна, што народ, нацыя — гэта супольнасць людзей з агульнай гісторыяй.

29 ліпеня 2015 г.

Каментары62

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні7

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Горача, як у пекле. Як Еўропа перажыла адзін з самых гарачых месяцаў за ўсю гісторыю назіранняў6

Ціханоўская пра 3 Ліпеня: На справе ні пра якую сапраўдную незалежнасць ці свабоду гаворкі не ідзе13

«Ты пабачыш і пачуеш. Гэта будзе не бомба, а бомбішча». Раніцай 2 ліпеня Павел Латушка атрымаў ліст ад асобы, якая пастаянна атакуе яго22

Сталі вядомыя імёны чатырох палітзняволеных жанчын, вызваленых па папярэднім памілаванні4

Беларускі комік зняўся ў серыяле з зоркай «Звышнатуральнага». У кадры і Мінск — як яго бачаць амерыканскія кіношнікі2

У Беларусі спрасцілі працэдуру продажу тавараў з падвойнымі кодамі маркіроўкі

Як перажыць спёку?11

Далай-лама прыдумаў, як вызначыць сабе намесніка і абхітрыць Кітай2

У Вільні будуць шукаць магілу Вітаўта. Пошукі, якія праводзіліся стагоддзе таму, прывялі да вялікіх адкрыццяў, але мэты не дасягнулі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні7

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць