Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 22-гадовай дзяўчыны, якая абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 317 КК, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланог.
Нагадаем, ноччу 4 чэрвеня жыхарка Любанскага раёна 1993 года нараджэння, кіруючы «Опелем-Амегай» на аўтадарозе Кузьмічы — Камуна ў Любанскім раёне, не справілася з кіраваннем, у выніку чаго аўтамабіль з'ехаў у правы па ходзе руху кювет і перакуліўся. У ДТЗ сур'ёзна пацярпелі два пасажыры, адзін з якіх (мужчына 1987 года нараджэння, уласнік аўтамабіля) памёр у медустанове.
З улікам сабраных падчас папярэдняга расследавання звестак, уключаючы даныя экспертыз, устаноўлена, што абвінавачаная выказала злачынную нядбайнасць і няўважлівасць. Не маючы вадзіцельскага пасведчання, яна знаходзілася за рулём у стане алкагольнага ап'янення. Акрамя таго, дзяўчына адцягнулася ад кіравання транспартным сродкам, беручы з рук пасажыра тэлефон, у выніку чаго страціла кантроль за рухам.
Такім чынам, грубыя парушэнні правілаў дарожнага руху з'явіліся прычынамі трагедыі і стаяць ў простай сувязі з далейшымі трагічнымі наступствамі, канстатавалі ў следчых органах. Дзеянні абвінавачанай кваліфікаваныя як парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап'янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.
Улічваючы акалічнасці і цяжар учыненага злачынства, да абвінавачанай прымененая мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. Крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.