28 лютага а 16‑й у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў галерэі «Лабірынт» адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя 400‑й гадавіне памяці дабравернага князя К.К. Астрожскага (1524—1608). У праграме: адкрыццё выстаўкі ў музеі кнігі «Асветнік з роду Астрожскіх», а таксама прэзентацыя электроннага выдання «Слуцкае Евангелле — беларускі рукапіс XVIст.».

Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі — прадстаўнік аднаго з самых вядомых і знакамітых магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага. Ён увайшоў у гісторыю не толькі як выдатны дзяржаўны і царкоўны дзеяч, але і як асветнік, заснавальнік астрожскай школы і друкарні. На выстаўцы «Асветнік з роду Астрожскіх» дэманструюцца выданні канца ХIX — пачатку ХХ ст., прысвечаныя гісторыі рода князёў Астрожскіх; старадрукаваныя кірылічныя кнігі, што выйшлі ў свет з Астрожскай і іншых украінскіх друкарняў ХVI—XVIII стст. Сярод кніжных помнікаў, прадстаўленых у экспазіцыі, асаблівае месца займае Астрожская Біблія (1581) — першы поўны пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую мову.

У рамках мерапрыемства таксама адбудзецца прэзентацыя электроннага выдання «Слуцкае Евангелле — беларускі рукапіс XVI ст.». Гэта выданне — вынік навуковага даследавання унікальнага помніка XVI ст. — Евангелля, якое было перапісана ў 1581 г. слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. Да рэвалюцыі рукапіс захоўваўся ў Свята‑Троіцкім мужчынскім манастыры ў Слуцку, адкуль быў перададзены ў Дзяржаўны гістарычны музей. У пачатку Другой сусветнай вайны ён быў вывезены з магілёўскага музея і бясследна знік разам з іншымі каштоўнасцямі (у т. л. Крыжом Еўфрасінні Полацкай). Доўгі час рукапіс лічыўся страчаным. У 2003 г. у час правядзення 10‑х Мінскіх епархіяльных чытанняў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прадставіў удзельнікам Евангелле, якое цудам захавалася. Рукапіс быў перададзены свяшчэнніку Мінскай епархіі прыхаджанкай, і зараз знаходзіцца ў Дамавым храме ў гонар Сабора беларускіх святых.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі выступіла з ініцыятывай стварэння электроннай копіі Слуцкага Евангелля. У 2004—2006 гг. быў ажыццёўлены навуковы праект па даследаванню помніка, які праводзіўся сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі на сродкі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. У 2008 г. створаны СD‑ROM з паўнатэкставай электроннай копіяй, транслітарацыяй тексту, кодыка‑палеаграфічным апісаннем і комплексным лінгвістычным аналізам нацыянальнага рукапіснага помніка.

Унікальны рукапісны помнік XVI ст. — Слуцкае Евангелле — будзе дэманстравацца ў музеі кнігі з 28 лютага па 15 сакавіка.

Выстаўка «Асветнік з роду Астрожскіх» будзе працаваць да мая 2008 г.

Тэл. для даведак (8017)293‑27‑67; e‑mail: [email protected]

Прэс-служба Нацыянальнай бібліятэкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0