Незвычайнае здарэнне адбылося сёння ў сям’і вядомых апазіцыянераў Вячоркаў. За нявыплату «Энергазбыт» адключыў ім электрычнасць.

Як распавёў Рацыі сын намесьніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі маладзёвы актывіст Франак Вячорка, інцыдэнт адбыўся раніцай. Да іх у кватэру прыйшлі дзве жанчыны і электрык. Сказалі, што ў іх ёсць загад адключыць электрычнасць за нявыплату. Што і зрабілі. У выніку кватэра засталася без святла і камунікацыяў. Але сам Франак не звязвае гэтае здарэнне з палітыкай, а называе яго побытавай недарэчнасцю:

‑ Проста ў нашым доме няма персанальных лічыльнікаў святла. Таму мы вымушаныя перыядычна ездзіць у адмысловы разліковы цэнтр. Ці то раз на квартал, ці то раз на паўгады. Мабыць, проста сёння скончыўся апошні тэрмін разліку. Мы проста забыліся.

Паводле Франака Вячоркі, гэта ўвогуле асобная тэма для журналісцкага артыкулу. Чаму частка мінчукоў дагэтуль не маюць персанальных лічыльнікаў, і вымушаны перыядычна трапляць у непрыемную сітуацыю з разлікамі?

Дарэчы, сям’і Вячоркаў апошнім часам вельмі не шанцуе — таго ж самага Франака два тыдні таму выключылі з факультэту журналістыкі БДУ і такім чынам пазбавілі магчымасці цягнуцца да святла ведаў, а зараз яшчэ пазбавілі і натуральнага святла.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0