На 1 ліпеня за беларусамі лічыліся банкаўскія крэдыты на агульную суму ў 64,7 трыльёна рублёў. Пра гэта паведамляецца ў бюлетэні банкаўскай статыстыкі, размешчаным на сайце Нацбанка. Атрымліваецца, што ў пераліку на кожнага жыхара Беларусі прыпадае па 6,8 мільёна рублёў пазык перад банкамі.

Па дадзеных на 1 ліпеня лідарам сярод рэгіёнаў па агульнай суме выдадзеных крэдытаў для фізічных асоб стаў Мінск — 20,4 трыльёна рублёў, аўтсайдарам — Магілёўская вобласць (5,9 трыльёна). Пры гэтым крэдытная запазычанасць жыхароў сталіцы ў параўнанні з пачаткам года скарацілася больш чым на 500 мільярдаў рублёў. У астатніх рэгіёнах гэты паказчык павялічваецца.

На пачатак ліпеня крэдытная запазычанасць фізічных асоб у нацыянальнай валюце склала 63,9 трыльёна рублёў. Гэты паказчык амаль на 1,7 трыльёна большы, чым на пачатак гэтага года. Рост запазычанасці па крэдытах, выдадзеных банкамі фізічным асобам у нацыянальнай валюце, адзначаны ва ўсіх абласцях, акрамя горада Мінска і Мінскай вобласці (зніжэнне на 0,02%).

Пры гэтым сума пазык па крэдытах у замежнай валюце працягвае скарачацца: з 64 мільёнаў даляраў на 1 студзеня да 55,7 мільёна на пачатак ліпеня.

З пачатку года больш чым у 1,2 раза вырасла доля праблемнай запазычанасці па крэдытах фізічных асоб: з 448 мільярдаў рублёў на пачатак студзеня да 544,9 мільярда на 1 ліпеня. Больш за палову гэтай сумы лічыцца за мінчукамі, якія на пачатак гэтага месяца не змаглі своечасова выплаціць 219,4 мільярда рублёў. Самыя дысцыплінаваныя ў плане своечасовага пагашэння крэдытаў жыхары Брэсцкай вобласці, на 1 ліпеня за імі значылася праблемная запазычанасць у 42,1 мільярда рублёў. У параўнанні з пачаткам года «пратэрміноўка» вырасла ва ўсіх рэгіёнах.

Нагадаем, раней Міністэрства юстыцыі Беларусі выступіла з ініцыятывай увесці для фізічных асоб крымінальную адказнасць за ўхіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці. Цяпер гэта пакаранне прадугледжана толькі для іпэшнікаў і юрыдычных асоб. Каб прымяняць гэтую меру пакарання і для фізічных асоб, Мінюст прапануе ўнесці папраўкі ў 242 артыкул Крымінальнага кодэкса «Ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці». Акрамя таго, беларусам з пратэрмінаванымі плацяжамі па крэдытах прапануецца адключаць інтэрнэт і мабільную сувязь.

Трэба адзначыць, што сярэднестатыстычны беларус хутчэй укладчык, чым крэдытаатрымальнік: на 1 ліпеня фізасобы размясцілі ў банках дэпазіты на агульную суму ў 174 трыльёна рублёў. Гэта значыць, у пераліку на кожнага жыхара Беларусі прыпадае амаль па 18,4 мільёна рублёў укладу. Пры гэтым у нацвалюце фізасобы захоўваюць у банках толькі 49,3 трыльёна рублёў, астатнюю суму — у далярах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?