У Беларусі разглядаецца магчымасць правядзення аперацый ва ўлонні маці. Пакуль у рэспубліцы яны не выконваюцца, гэты кірунак застаецца перспектыўным. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі.

«Мы разглядаем магчымасць правядзення такіх аперацый і фарміруем кірунак па развіцці менавіта гэтай галіны. Але гэта досыць вялікая праца, таму што тут не ўсё залежыць ад нас, праца вядзецца на стыку акушэрства і гінекалогіі і дзіцячай хірургіі. Прапрацаваць праграму, зойме, я думаю, досыць доўгі час», — сказаў Канстанцін Драздоўскі.

Паводле яго слоў, аб эфектыўнасці такіх умяшанняў пакуль меркаваць складана. Гэта досыць новая методыка, і каб яна стала стандартам, трэба як мінімум правядзенне сур'ёзных выпрабаванняў. У той жа час у свеце ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі такіх аперацый.

Канстанцін Драздоўскі адзначыў, што існуюць пэўныя паталогіі, якія патэнцыйна можна калі не вылечыць, то хаця б палегчыць стан дзіцяці ва ўлонні маці, «каб ужо пасля нараджэння аперацыя і далейшае лячэнне былі звязаны з меншымі псіхалагічнымі і фізічнымі затратамі».

У цэлым, па словах дырэктара РНПЦ, беларуская хірургія і кардыяхірургія ў апошнія гады зрабіла сур'ёзны прарыў. «Калі гадоў 10—15 назад да нас прыязджалі спецыялісты, каб справіцца з нейкімі складанымі выпадкамі, навучыць пэўным відам аперацый пры пэўнай паталогіі, то ў апошнія гады нашы спецыялісты ездзяць у замежныя краіны — Расею, Украіну, Азербайджан — для правядзення майстар-класаў», — сказаў Канстанцін Драздоўскі.

Акрамя таго, дзякуючы поспехам беларускай медыцыны ў рэспубліку на аперацыі прыязджаюць замежныя грамадзяне. Да прыкладу, аперацыя на адкрытым сэрцы ў дзіцяці для замежнікаў у Беларусі каштуе ад $ 7 тыс. да $ 12 тыс. Кошт эндаваскулярнай карэкцыі вагаецца ад $ 5 тыс. да $ 8 тыс. Аналагічныя аперацыі на сэрца ў Еўропе каштуюць ад $ 20 тыс. да $ 40 тыс. У ЗША аперацыя на сэрца дзіцяці абыдзецца ў значна большую суму — да $ 100 тыс. Для ўсіх грамадзян Беларусі такія ўмяшанні выконваюцца бясплатна.

РНПЦ дзіцячай хірургіі мае дастаткова добрае забеспячэнне як сучасным абсталяваннем, так і расходнымі матэрыяламі для лячэння дзяцей, што дазваляе «весці дзіця ад яго нараджэння да выздараўлення», адзначыў Канстанцін Драздоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?