Фізікі Інстытута імя Вейцмана (Ізраіль) зразумелі незвычайныя паводзіны Paratrechina longicornis, даўгарогіх шалёных мурашоў пры пераносцы грузаў, пра што распавялі ў часопісе Nature Communications.

Калі шалёны мураш разам з суродзічамі нясе цяжкі груз, 90% часу ён працуе як усе, а 10% — бегае вакол групы. Як аказалася, бегае не проста так: выведвае дарогу і карэктуе курс групы.

На выведку ў мураша сыходзіць 10-15 секунд. Пасля таго, як мураш зразумее правільны напрамак руху да гнязда, ён далучаецца да пераноскі грузу і штурхае груз у правільны бок. Астатнія следуюць яго прыкладу, хаця навукоўцы не заўважылі, каб «выведнік» неяк заяўляў пра сваё лідарства. З цягам часу група ўсё роўна збіваецца з дарогі — тады на выведку ідзе наступны мураш.

Найлепей такая тактыка працуе тады, калі памер грузу прыкладна адпавядае памерам уваходу ў гняздо. Пры надта цяжкім грузе група рухаецца адносна роўна, але з цяжкасцямі каардынуе дзеянні, каб абысці перашкоды.

Шалёныя мурашы атрымалі назву якраз праз нібы хаатычны рух, але не падчас пераноскі грузаў, а ў выпадку небяспекі. Мурашы-рабочыя дасягаюць даўжыні цела ў 4 мм. Іх калоніі не канкуруюць між сабой, ствараючы адну гіганцкую унікалонію. Адзін з самых вялікіх інвазіўных відаў: менш чым за 100 год «заваявалі» 28% з 10 тысяч гектар дажджавых лясоў вострава Калядаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?