Больш за сто тысяч подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі ўжо здадзены ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.
Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў відэазвароце на сайце vybory2015.by.
Акрамя таго, адзначыла яна, больш за 500 подпісаў здадзена ў падтрымку вылучэння Анатоля Лябедзькі.
Збор ініцыятыўнымі групамі подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты пачаўся 23 ліпеня і будзе доўжыцца па 21 жніўня ўключна. Для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ініцыятыўным групам трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў.
Ярмошына падкрэсліла, што выбарчая кампанія «праходзіць спакойна». «У Цэнтральную камісію не паступіла ні адной скаргі з нагоды працы ініцыятыўных груп. Ініцыятыўныя групы выконваюць закон і таксама дзейнічаюць вельмі карэктна, выконваючы інтарэсы грамадзян і іншых ініцыятыўных груп», — сказала яна.
Старшыня ЦВК таксама паведаміла, што ў 153 тэрытарыяльных камісіях акрэдытавана 188 нацыянальных назіральнікаў.
Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 11 кастрычніка.