У Шклове з пастамента стэлы з геральдычным знакам знятая шыльда з напісанай па-руску назвай горада і афіцыйна прызнанай датай заснавання. 

Пра зняцце сёння шыльды з надпісам «Шклов 1535» БелаПАН паведаміў жыхар Шклоўскага раёна Пятро Мігурскі. Начальнік раённага аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Сяргей Артамонаў прыкладна ў 13.00 абверг інфармацыю. Дваццаццю хвілінамі пазней жыхар Шклова Аляксандр Грудзіна пацвердзіў БелаПАН, што надпіс, які выклікаў вялікі грамадскі рэзананс, адсутнічае на пастаменце.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Шклове ўстанавілі новы геральдычны знак — герб горада на 11-метровай стэле. 

Рэзананс у грамадскасці выклікала напісанне на пастаменце назвы беларускага горада на рускай мове, а таксама тое, што ў якасці даты першага летапіснага згадвання ўказаны 1535 год, калі Шклоў быў спалены маскоўскім войскам. 

Апазіцыйны палітык Рыгор Кастусёў, які жыве ў Шклове, раней заявіў пра намер звярнуцца да кіраўніка дзяржавы, каб дамагчыся выпраўлення моўных і гістарычных промахаў на геральдычным знаку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?