Новыя правілы перавозак пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання ўводзяцца ў Беларусі з 1 жніўня. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 609 ад 17 ліпеня 2015 года, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як растлумачылі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі, дакументам унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў у правілы перавозак, якія дзейнічалі раней, акрамя таго частка норм удасканалена з улікам практыкі іх прымянення.

«У тым ліку дакументам вызначаны парадак афармлення, пераафармлення і праезду па праязных дакументах (квітках), — удакладнілі ў БЧ. — Так, вызначана, што пры пераафармленні праязнога дакумента на цягнік, які адыходзіць раней, у выпадку змяншэння кошту праезду, пасажыру вяртаецца розніца ў кошце. Да гэтага часу яна ў такіх выпадках не вярталася».

Яшчэ адным новаўвядзеннем стане тое, што з 1 жніўня афармленне абанементных квіткоў «працоўнага дня» будзе ажыццяўляцца без пазначэння прозвішча, імя і імя па бацьку. Гэта значыць, што праязны дакумент будзе афармляцца без прад'яўлення дакумента, які сведчыць асобу. Акрамя таго, вяртанне грашовых сродкаў за нявыкарыстаныя абанементныя квіткі будзе ажыццяўляцца па заяве пасажыра, без прад'яўлення дакументаў, што пацвярджаюць прычыну вяртання.

Акрамя пералічаных, у новых правілах перавозак пасажыраў, багажу і грузабагажу змешчаны і шэраг іншых змяненняў і дапаўненняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?