У Шклове на геральдычным знаку памянялі шыльду. Паводле краязнаўцы Аляксандра Грудзіны, на новай шыльдзе назва гораду напісана на беларускай і расейскай мовах.

На старой, якая таямніча знікла, беларускамоўнага адпаведніка назвы гораду не было, што выклікала крытыку рупліўцамі беларускай мовы мясцовага чынавенцтва. Чыноўнікаў вінавацілі ў непаважлівым стаўленьні да нацыянальнай мовы беларусаў. Жыхар Шклова намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў не выключаў, што будзе скардзіцца Аляксандру Лукашэнку, каб абараніць у Шклове беларушчыну.

Пра знікненьне шыльды з расейскамоўным надпісам стала вядома 31 ліпеня. Галоўны архітэктар Шклоўскага раёну Георгі Сіваеў заявіў тады Радыё Свабода: «Шыльду знялі вандалы, і іх ужо шукае МУС. І знойдзе, бо там усталяваная відэакамера». Разам з тым у аддзеле міліцыі сказалі Свабодзе, што ніякіх заяваў пра знікненьне шыльды ім не паступала.

Паводле Рыгора Кастусёва, шклоўскія чыноўнікі наўмысна прыдумалі вандалаў, каб не прызнаваць сваёй памылкі ў напісанні на шыльдзе назвы гораду толькі на расейскай мове.

Краязнаўца Аляксандр Грудзіна, стоячы непадалёк ад геральдычнага знаку, на які ўсталёўвалі новую шыльду, заўважыў, што дата заснаваньня гораду на ёй засталася ранейшая — 1535 год.

Паводле гістарычных крыніц, у гэты год Шклоў быў захоплены і спалены расейскім ваяводам Васілём Шуйскім. Афіцыйна гэтую падзею і звязваюць з заснаваннем гораду.

«Гэтая дата перадалася Шклову з савецкіх часоў. І дагэтуль яе выкарыстоўваюць, нібыта працягваюць жыць у Савецкім Саюзе», — даводзіць Аляксандр Грудзіна. Ён кажа, што вядомыя ранейшыя згадкі Шклова. Яшчэ ў 1520 годзе яго апісаў аўстрыйскі дыплямат Сігізмунд фон Гербэрштэйн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?