Тарыфы на паслугі сувязі, гарадскога і чыгуначнага транспарту ў Беларусі ў 2016 годзе могуць істотна вырасці. Гэта прадугледжана прагнознымі дакументамі на наступны год, якія зараз распрацоўваюцца.

Паводле звестак БелаПАН, чакаецца, што спажывецкія цэны ў 2016 годзе вырастуць на 12%. Пры гэтым унёсак цэн, якія рэгулююцца дзяржавай, у інфляцыю складзе прыблізна 2%. 

Тарыфы на паслугі паштовай і электрасувязі плануецца павысіць на 40%. Кошт праезду ў грамадскім транспарце Мінска плануецца павысіць на 33% — да 6 тысяч рублёў за адну паездку. 

Перавозка пасажыраў чыгуначным транспартам можа падаражэць удвая. 

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2016 годзе плануецца павысіць на 5-7 долараў у эквіваленце і індэксаваць штоквартальна з улікам змены намінальнай заработнай платы. 

Іншыя рэгуляваныя дзяржавай цэны (на паслугі ўстаноў адукацыі, дзіцячых дашкольных устаноў, лекі) у сярэднім у наступным годзе плануецца павысіць на 10-12%. 

Беларускія эканамісты чакаюць, што пры захаванні цяперашняй манетарнай палітыкі, якая прадугледжвае абмежаванне грашовай прапановы, інфляцыя ў краіне ў 2016 годзе некалькі запаволіцца ў параўнанні з гэтым годам (згодна з ліпеньскай ацэнкай Нацбанка, інфляцыя сёлета прагназуецца ў межах 15—18%).

«Трэнд на запавольванне інфляцыі, калі не будзе шокаў на валютным рынку, атрымае працяг, — прагназуе эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук. — З улікам таго, што ўнутраны попыт будзе, верагодна, стагнаваць, у наступным годзе рэальна знізіць інфляцыю да 12—15%. Дакладны ўзровень інфляцыі будзе залежаць ад тэмпаў павышэння рэгуляваных дзяржавай цэн». 

З улікам запавольвання інфляцыйных працэсаў на першы план у 2016 годзе выйдзе праблема, звязаная з нізкімі тэмпамі эканамічнага росту. «У наступным годзе захаваецца, мабыць, нізкі інвестыцыйны попыт, спажыванне дамашніх гаспадарак будзе стагнаваць, унутраных, як і знешніх, крыніц для забеспячэння прыкметных тэмпаў эканамічнага росту пакуль не бачна», — канстатуе Крук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?