Гарачае і сухое надвор'е ўсталюецца ў Беларусі ў першы тыдзень жніўня. Аб гэтым паведаміў начальнік службы Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

«Сярэдняя тэмпература паветра ў першай дэкадзе жніўня чакаецца на 3—5 градусаў вышэйшай за норму», — адзначыў ён.

У аўторак будзе без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе 11-17 градусаў цяпла, удзень чакаецца ад плюс 26 па поўначы да плюс 33 градусаў па паўднёвым захадзе. У Мінску прагназуецца невялікая воблачнасць, без ападкаў. Вецер будзе няўстойлівы слабы. Тэмпература ўначы складзе 13-15 градусаў вышэй за нуль, удзень - каля 30 градусаў цяпла.

У сераду будзе пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе 12-19 градусаў вышэй за нуль, удзень - плюс 27-34 градусы. У Мінску прагназуецца невялікая воблачнасць, без ападкаў. Вецер будзе няўстойлівы слабы. Тэмпература ўначы складзе 15-17 градусаў вышэй за нуль, днём будзе каля 30-32 градусаў цяпла.

У чацвер таксама ападкі не прагназуюцца. Тэмпература паветра ўначы складзе 13-20 градусаў цяпла, удзень чакаецца 28-34 градусы вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе месцамі паветра прагрэецца да плюс 35.

У пятніцу на фоне высокага ціску будзе праходзіць малаактыўны атмасферны фронт, у асобных раёнах магчымы кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 14-21 градус цяпла, удзень будзе 28-34 градусы вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе чакаецца да плюс 36.

У суботу будзе пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе 14-21 градус вышэй за нуль, днём - 30-36 градусаў цяпла.

У нядзелю ў асобных раёнах, пераважна па поўначы, лакальна пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 15-22 градусы цяпла, днём чакаецца плюс 30-36 градусаў.

Пажаранебяспечная абстаноўка будзе пагаршацца ў сувязі з тым, што ў большасці раёнаў краіны ў бліжэйшы час ападкаў не чакаецца і тэмпература паветра будзе паступова расці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?