Работа будаўнічай галіны Беларусі поўнасьцю развалена. Пра гэта заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па ўдасканаленьні работы будаўнічага комплексу краіны.

Падчас прызначэньня новага міністра гэтай галіны амаль два гады таму былі пастаўленыя задачы, да вырашэньня які, паводле слоў прэзыдэнта, варта прыступіць без затрымак. А менавіта: удасканаліць структуру кіраваньня будаўнічым комплексам як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўнях, умацаваць ягоную матэрыяльна‑тэхнічную базу, нарасьціць аб’ёмы будаўніцтва, зрабіць жыльлё больш даступным для тых, хто мае патрэбу.

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на тое, што па выніках мінулага году паказаныя добрыя агульныя вынікі разьвіцьця будаўнічага комплексу, у галіне па‑ранейшаму вялізны клубок праблем, якія сёньня не вырашаюцца. Гэта праблемы з цэнаўтварэньнем на ўсіх этапах будаўніцтва, нараканьні на айчынных праектавальнікаў і экспэртызу праектаў. Недастатковае фінансаваньне праграм разьвіцьця матэрыяльна‑тэхнічнай базы ў будаўнічай галіне, недахоп кваліфікаваных спэцыялістаў.

«Правалена жыльлёвае будаўніцтва ў Менску».

Апроч таго, назіраецца дэфіцыт будматэрыялаў на ўнутраным рынку, што ёсьць сур’ёзнай перашкодай для рытмічнай працы будаўнічых арганізацый, адсутнічаюць адчувальныя вынікі па скарачэньні аб’ёмаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, а таксама па тэрмінах і аб’ёмах капітальных рамонтаў жыльля. Паводле слоў прэзыдэнта, «правалена жыльлёвае будаўніцтва ў Менску».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што падчас разгляду плянаў на 2008 год папярэджваў урад і кіраўнікоў абласьцей пра неабходнасьць кардынальна палепшыць працу ўсіх галінаў народнай гаспадаркі і ў першую чаргу будаўнічага комплексу. Паводле слоў Лукашэнкі, ад таго, што і як будзе зроблена сёлета, шмат у чым залежыць выкананьне пяцігадовай праграмы сацыяльна‑эканамічнага разьвіцьця краіны.

«Рэалізацыя дзяржаўных прыярэтэтаў — гэта сур’ёзны іспыт для ўсіх органаў улады й кіраваньня. Праверка іх на трываласьць і здольнасьць вырашаць паўсталыя перад краінай задачы».

«Мы ня можам быць задаволеныя ані тэмпамі, ані якасьцю, ані цаной будаўніцтва».

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што цяпер чуецца калясальнае нараканьне насельніцтва на праблемы, якія складаюцца ў сфэры будаўніцтва

«Мы ня можам быць задаволеныя ані тэмпамі, ані якасьцю, ані цаной будаўніцтва, якое ажыцьцяўляецца ў Беларусі. Вазьміце любое зьвяно — усюды праблемы», — заявіў ён.

Прэзыдэнт сказаў, што сёньня хоча пачуць, наколькі пасьпяхова вырашаюцца задачы, якія стаяць перад будаўнічым комплекскам. і ці ёсьць бачаньне па выпраўленьне сытуацыі:

«Ад удзельнікаў нарады я чакю канкрэтных адказаў ня толькі на набалелыя пытаньні, але і справавых прапаноў пра шляхі кардынальнага пад’ёму ўсёй будаўнічай галіны», — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0