Пытанне пра былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, асуджанага ў 2011 годзе на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, можа быць вырашана ў бліжэйшы час, заявіў Лукашэнка.
Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю прадстаўнікам трох недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Запрошаны былі прадстаўнікі TUT.BY, Еўрарадыё і радыё «Свабода».
«Я не стану хітрыць, гэтае пытанне ў парадку дня. Вырашыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе.
Я гэтае пытанне ў такім рэчышчы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У бліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі другі варыянт, то часу шмат».
Разам з тым Лукашэнка распавёў, што даваў магчымасць Статкевічу напісаць прашэнне аб памілаванні.
Нагадаем, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення. На вызваленні апазіцыйнага палітыка настойваюць Еўрасаюз і ЗША.