Толькі ў лютым на трубе, якая ідзе ў кірунку Наваполацку кампанія «Ака-Транснефть» ліквідавала 21 буйны дэфэкт.

Амаль два тыдні ідзе ліквідацыя наступстваў выцеку дызпаліва на нафтаправодзе «Унеча-Роўна» ў Гомельскай вобласьці, паведамляе АНТ. Прычынай аварыі стаў прарыў старой трубы, якую 44 гады не мянялі і не рамантавалі. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць 13 тысяч кілямэтраў нафта- і газаправодаў, большасьць зь якіх былі пабудаваныя ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Тэрмін эксплюатацыі такіх трубаў складае 33 гады. Рамонт трубаправоду дарагога каштуе – прадпрыемства «Гомельтранснафта «Дружба», напрыклад, штогод выдаткуе на гэтыя мэты больш за 60 млрд рублёў.

У апошні час пагроза экалягічных катастрофаў у асноўным сыходзіць ад расейскіх трубаправодаў. Нагадаем, што на трубаправодах расейскай кампаніі «Захадтранснафтапрадукт» толькі цягам году адбылася тры аварыі. Першая адбылася 23 сакавіка 2007 году на нафтаправодзе «Унеча-Венстпілс» у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці. Адбыўся выцек каля 120 тонаў дызпаліва. Яно патрапіла ў раку Улу — прыток Дзьвіны, а адтуль у Дзьвіну. Мазута дасягнула тэрыторыі Латвіі, якая пазьней выказала ў адрас Беларусі фінансавыя прэтэнзіі. Другая аварыя здарылася 5 траўня таго ж году таксама ў Бешанковіцкім раёне каля вёскі Бабаедава. Аб’ём выцеку склаў каля 5 тонаў мазуту. У якасьці кампэнсацыі за нанесеную шкоду Беларусь атрымала ад «Захад-Транснафтапрадукту» $7 млн. Беларускі бок і гэтым разам разьлічвае на кампэнсацыю. Аднак і ад эксплюатацыі небясьпечных трубаў не адмаўляецца. Падлік экалягічнай шкоды будзе скончаны не раней за 3 сакавіка.

Паводле старшага віцэ-прэзыдэнта кампаніі «Ака-Транснефть» Сяргея Макарава, дэфэктаў прадпрыемства ліквідуе шмат: «Толькі ў лютым на трубе, якая ідзе ў накірунку Наваполацку мы выдалілі 21 буйны дэфэкт. То бок, гэта дэфэкты, якія цягам 1,5 — 2 гадоў маглі прывесьці да непрыемнасьцяў».

Сямён Печанко, паводле АНТ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0